У ліку раённых лідараў на касавіцы 2022 года — ААТ “Агратэхсэрвіс”

Главное Сельское хозяйство

механізатары Аляксандр Марозаў, Іван Сямёнаў, Эдвард Магалінскі разам з галоўным аграномам Леанідам Зубовічам і старшынёй прафкама Ясяй Краснікавай

— Сёлета намі запланавана скасіць травы першага ўкосу на плошчы 1080 гектараў, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Леанід Зубовіч. — На зімова-стойлавы перыяд трэба нарыхтаваць 17000 тон сенажу, 1065 тон сена. Шмат перашкод на нарыхтоўцы кармоў нам дастаўляла дрэннае надвор’е, з-за моцных дажджоў тэхніка з цяжкасцю рухалася па палях. Існуюць некаторыя праблемы з наяўнасцю паліва.
Мы наведалі гаспадарку 22 чэрвеня. Аграрыі працавалі на полі каля вёскі Галінова. Тры трактары, за рулём якіх знаходзіліся механізатары Іван Сямёнаў, Аляксандр Марозаў і Эдвард Магалінскі, займаліся скошваннем траў. Трактарысты Аляксандр Лапацкі і Міхаіл Лабацэвіч зграбалі правяленую масу.
На жаль, у сельгаспрадпрыемстве на сённяшні дзень толькі адзін корманарыхтоўчы агрэгат КВК-800, за штурвалам якога, як і ў мінулыя гады, механізатар Міхаіл Шук. Аналагічны агрэгат аддадзены ў рамонт.
— На адвозе “зялёнкі” — чатыры адзінкі тэхнікі, — прадаўжае гутарку Леанід Іванавіч. — Па стане на 21 чэрвеня мы заклалі 7 сянажных траншэй, цяпер распачалі закладку сенажу на МТФ “Наваселле”. Разраўноўваннем і трамбоўкай здрабнёнай масы займаюцца два “Амкадоры”. У начны час для трамбоўкі задзейнічаны энерганасычаны трактар “Беларус” МТЗ-3022.
— Намі наладжана двухразовае гарачае харчаванне для працаўнікоў гаспадаркі, — далучылася да размовы старшыня прафкама сельгаспрадпрыемства Яся Краснікава. — Кожны дзень работнікі сталовай гатуюць 30-40 порцый смачных і разнастайных страў. У заканчэнні касавіцы мы падвядзём вынікі і ўзнагародзім перадавікоў корманарыхтоўчых работ.
Сяргей РАЙЧОНАК.