Віншаванні і кветкі для Яніны Аляксееўны Ломаць

Общество

Прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый заўсёды з павагай ставяцца да ветэранаў працы, якія шмат год прысвяцілі любімай справе. Гэта адносіцца да былых работнікаў сацыяльнай і вытворчых сфер.
На мінулым тыдні свой юбілей сустрэла жыхарка гарадскога пасёлка Яніна Аляксееўна Ломаць. З гэтай нагоды ў яе дом завіталі намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Генадзьеўна Міхалёнак і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СШ № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына Таццяна Іванаўна Уладзімірава.
Юрый Анатольевіч па даручэнні кіраўніка раёна Дзмітрыя Міхайлавіча Ламака павіншаваў Яніну Аляксееўну з юбілеем, пажадаў трывалага здароўя на доўгія гады, дабрабыту, душэўнай цеплыні родных і блізкіх людзей. Ён жа ўручыў Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта. Да віншаванняў таксама далучыліся Ірына Генадзьеўна і Таццяна Іванаўна.
У сумеснай гутарцы мы даведаліся, што нарадзілася і вырасла Яніна Аляксееўна ў вёсцы Крывое, што на Пастаўшчыне. Пасля заканчэння школы вырашыла звязаць свой далейшы лёс з педагогікай. Таму паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут, дзе атрымала кваліфікацыю настаўніка фізікі і матэматыкі. На працягу пяці год чакаў сваю каханую дзяўчыну хлопец Пётр, пакуль тая набывала вышэйшую адукацыю. У рэшце рэшт, яны звязалі свае лёсы ў адзін.
Праз некаторы час, калі ў Шаркаўшчыне арганізавалі ПМК меліярацыі, Пятра перавялі з Навадруцкай ПМК меліярацыі (Пастаўскі раён) у Шаркаўшчыну. Так маладая сям’я апынулася ў нашым гарадскім пасёлку.
— Я вырашыла звярнуцца ў раённы аддзел народнай адукацыі, — успамінае Яніна Аляксееўна. — Там мне прапанавалі працу настаўніка фізікі і матэматыкі ў Радзюкоўскай базавай школе. Я згадзілася і ніколі не пашкадавала. Вясной і летам дабіралася з дому на веласіпедзе, а восенню і зімой — на рэйсавым аўтобусе. Праз шэсць год працы акрамя выкладання матэматычных прадметаў, на мяне яшчэ дадаткова ўсклалі абавязкі завуча. Гэтай навучальнай установе я прысвяціла 25 год настаўніцкай працы. А агульны мой педагагічны стаж складае больш за 30 год.
Разам з мужам Пятром мы выхавалі двух сыноў — Дзмітрыя і Пятра. Дзмітрый жыве і працуе ў Шаркаўшчыне, а Пётр ажно на Камчатцы, ён марак. Ёсць унук і ўнучка, адзін праўнук.
Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Яніна Аляксееўна займаецца развядзеннем кветак, якія ёй радуюць душу і сэрца.
Мы таксама далучаемся да віншаванняў і жадаем імянінніцы шчаслівых і доўгіх год жыцця пад цёплымі сонечнымі промнямі ў любові яе родных і блізкіх людзей!
Сяргей РАЙЧОНАК.