Ірына Грыгор’ева звязала свой працоўны лёс з прафесіяй эканаміста

Сельское хозяйство

Не будзе памылковым меркаванне, што эканаміст з’яўляецца неад’емным звяном любой арганізацыі, прадпрыемства, гаспадаркі. Ён правільна вызначае прыярытэты і мэты, каб атрымаць максімальны прыбытак з найменшымі стратамі. 30 чэрвеня людзі гэтай важнай прафесіі адзначаюць сваё прафесійнае свята.
У іх ліку і эканаміст ААТ “Агратэхсэрвіс” Ірына Францаўна Грыгор’ева. Яшчэ ў старэйшых класах яна вырашыла звязаць сваю будучую працоўную дзейнасць з бухгалтарскай справай. Пасля заканчэння школы паступіла ў Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, а потым атрымала вышэйшую адукацыю ў сельскагаспадарчай акадэмі і ў горадзе Вялікія Лукі, што на Пскоўшчыне.
— Пачала я працаваць на пасадзе эканаміста ў тагачасным калгасе “Маяк” у 1982 годзе, — кажа Ірына Францаўна. — У 2003 годзе нашу гаспадарку далучылі да ААТ “Агратэхсэрвіс” і я была пераведзена на пасаду эканаміста аб’яднанага сельгаспрадпрыемства. А з нядаўняга часу працую галоўным эканамістам. Сёлета спаўняецца роўна 40 год майго працоўнага стажу.
Вядома, праца вельмі складаная, патрабуе максімальнай канцэнтрацыі і ўвагі. Асноўная задача эканаміста — шляхам разліку і планавання фінансавых сродкаў, кантролю за іх расходаваннем, аналізу дзейнасці сельгаспрадпрыемства зрабіць яго прыбытковым, павысіць і ўмацаваць фінансавае становішча, а адпаведна і дабрабыт работнікаў. Мы — эканамісты — кожны дзень, з году ў год займаемся не толькі аналізам дзейнасці арганізацыі, але і складаем адпаведныя планы, сочым за статыстыкай і так далей. І хоць нагрузка досыць вялікая, часта прыходзіцца працаваць і выхаднымі, затрымлівацца на рабоце, я сваю прафесію люблю.
Віншую ўсіх сваіх калег з прафесійным святам — Днём эканаміста! Зычу кожнаму паспяховай рэалізацыі ўсіх ідэй і праектаў, моцнага здароўя, шчасця, стабільнасці і аптымізму!
Сяргей РАЙЧОНАК.