У ААТ “Ельня-Агра” завяршаюць скошванне траў першага ўкосу

Главное Сельское хозяйство

Кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Якімовіч з механізатарамі Уладзімірам Філічам і Аляксеем Малышам

Па стане на 1 ліпеня гэта работа праведзена на 598 гектарах, што складае 82 працэнты да задання.
Кожны дзень ад світанка і да змяркання механізатары шчыруюць на палетках гаспадаркі, каб закласці трывалую кармавую базу на зімова-стойлавае ўтрыманне буйной рагатай жывёлы. 28 чэрвеня на МТФ “Зорка” закладвалі пятую сянажную траншэю. На чарзе — сянажныя траншэі ў МТФ “Юзэфова”. Здрабненнем правяленай масы займаюцца механізатары на агрэгатах КЗР-10 Андрэй Удобкін і Аляксей Малыш. На адвозе задзейнічаны чатыры адзінкі тэхнікі: дзве грузавыя машыны і два трактары.
У дзень, калі мы наведалі гаспадарку, аграрыі закладвалі чарговую сянажную траншэю на МТФ “Зорка”. Правяленую “зялёнку” дастаўлялі з вёскі Іванава, якая знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі.
— Працуем з сямі часоў раніцы і да самага змяркання, — кажа механізатар Аляксей Малыш. — Агрэгат КЗР-10, на якім я шчырую ўжо не першы год, не падводзіць, тэхніка айчыннай вытворчасці — надзейная і адмысловая. Прастою з-за недахопу запасных частак або паліва у нашай гаспадарцы няма, таму і паказчыкі па нарыхтоўцы кармоў у нашым сельгаспрадпрыемстве адны з лепшых у раёне.
— Кожны дзень на скошванні траў у нашай гаспадарцы заняты дзве касілкі, — кажа кіраўнік сельгаспрадпрыемства Міхаіл Якімовіч. Правяленую пад сонечнымі промнямі зялёную масу зграбаюць у валкі тры адзінкі трактароў. Потым два агрэгаты КЗР-10 здрабняюць яе і загружаюць у прычэпы. Сёння заканчваем закладваць сянажныя траншэі на МТФ “Зорка”, будзем пераходзіць на нарыхтоўку кармоў на МТФ “Юзэфова”. Надвор’е спрыяе аграрыям, таму і выкарыстоўваем кожную хвіліну працоўнага дня рацыянальна.
Па стане на 1 ліпеня ў гаспадарцы скошана 82 працэнты траў першага ўкосу. Нарыхтавана 3603 тоны сенажу, 443 тоны сена. Паказчыкі вельмі добрыя, а значыць, і зімоўка жывёлы ў гэтай гаспадарцы пройдзе на належным узроўні.
Сяргей РАЙЧОНАК.