Справаздачны сход у ААТ «Даватарскі»

Сельское хозяйство

Завяршыла цыкл правядзення справаздачных сходаў сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна адкрытае акцыянернае таварыства “Даватарскі”. Пра дасягненні і пралікі за прайшоўшы год зрабіў кароткую інфармацыю дырэктар таварыства Сяргей Валянцінавіч Струй. Ён, у прыватнасці, адзначыў:

— Мінуў няпросты для сельскага сейбіта год. Аднак і ў такіх складаных умовах, якія ўвесь час прыпадносіла надвор’е, вытворчасць валавай прадукцыі склала 114 працэнтаў. На аднаго работніка выпрацавана 87,3  мільёна рублёў. Атрыманы прыбытак ад  працоўнай дзейнасці 10,1 мільярда рублёў, а ад рэалізацыі прадукцыі — 8,9. Выручка склала 34,5 мільярда рублёў. Гэта ў 2,5 раза больш папярэдняга года. Рост атрыманы не толькі за кошт павышэння цэн на сельгаспрадукцыю, а і за павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі. Рэалізоўвалі жывёлу на мясакамбінаты высокімі вагавымі кандыцыямі — звыш 450 кілаграмаў. Атрымана значная валавая вытворчасць малака — 5063 тоны, што на 28 працэнтаў больш, чым было ў 2011 годзе. Надой малака на карову — 4988 кілаграмаў (1,046 кг  прыбаўкі). Рэнтабельнасць вытворчасці малака 48 працэнтаў.

Паказчыкі нядрэнныя. Аднак яшчэ ёсць нявыкарыстаныя рэзервы. Аб гэтым гаворыць ужо той факт, што асобныя даяркі атрымалі значна больш сярэдняй па гаспадарцы лічбы. Так Н. М. Лубянцова надаіла ад кожнай каровы па 6318 кілаграмаў, Т. В. Рудак — 6220, М. Ю. Парпуціс — 6187 кілаграмаў. 14 даярак сельспрадпрыемства атрымалі надой звыш 5000 кілаграмаў. У той час, як пяць даярак, пры роўных умовах працы, надаілі менш як па 4200 кілаграмаў.

Прададзена дзяржаве малака гатункам экстра 26,5 працэнта (у 2011 было 50,5 працэнта), вышэйшым — 59,7 (43,6 працэнта) і першым 13,1 (9,4 працэнта). Страты ад нізкай якасці рэалізаванага малака склалі 192 мільёнаў рублёў. Як кажуць, грошы, выкінутыя на вецер. Аб гэтым трэба задумацца не толькі жывёлаводам, а і спецыялістам галіны.

Укаранілі новую тэхналогію — бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы. Рэнтабельнасць вытворчасці  мяса склала 21,5 працэнта. Сярэднясутачная прывага жывёлы па статку — 525 грамаў. Перадавікі вытворчасці змаглі дасягнуць большых вынікаў. У С. У. Курыловіч гэты паказчык склаў 792, В. Р. Машнюк — 711, Т. Е. Курыловіч — 705, М. А. Мацюк — 794 грамы. Чаму б не мець такія і лепшыя паказчыкі астатнім даглядчыкам? Для гэтага ёсць усе падставы: дастаткова для жывёлы маецца грубых кармоў і канцэнтратаў. Тут яўна спрацоўвае чалавечы фактар. Не ўсімі даглядчыкамі кармы расходуюцца па-гаспадарску, часам парушаецца працоўная і тэхналагічная дысцыпліна, не захоўваецца распарадак працоўнага дня. Такія складаемые і прыводзяць да адмоўных вынікаў.

Застаецца высокім сабекошт атрыманай прадукцыі. На 1 цэнтнер малака расходуецца 1,25 цэнтнера кармавых адзінак, а на прывагі буйной рагатай жывёлы — 14,1. Страты ад ялавасці кароў склалі 490 мільёнаў рублёў, ад безгаспадарчасці, парушэння тэхналогіі ўтрымання жывёлы — 1516 мільярдаў рублёў.

Галіну жывёлагадоўлі дапаўняе раслінаводства. За мінулы год атрыманы адзін з лепшых паказчыкаў у раёне па намалоту зерня. Валавая вытворчасць яго склала 8600 тон пры ўраджайнасці 40,9 цэнтнера з гектара. Гэта на 8,9 цэнтнера больш, чым было ў 2011 годзе. Намалацілі 705 тон рапсу пры ўраджайнасці 22,6 цэнтнера з гектара.

На кармавыя мэты сабралі 909 тон караняплодаў, назапасілі на зімова-стойлавы перыяд (з травяністых кармоў) па 31 цэнтнеру кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Поспехі, якіх дасягнула гаспадарка на працягу года, сталі магчымымі, дзякуючы старанным і працавітым людзям гаспадаркі. Да ліку такіх адносяцца трактарысты і шафёры П. П. Чарняўскі, М. А. Дарашчонак, Д. В. Кляпко, В. Е. Ласоўскі, М. М. Дарашчонак, М. М. Скавырка, М. У. Цывунчык, В. А. Ардынскі, С. В. Седзюкевіч, Ю. Г. Ардынскі, В. В. Смірноў і многія іншыя.

Дзяржава аказвае вялікую дапамогу сельскаму сейбіту. Гадавы бюджэт адпавядае 2,9 мільярдам рублёў.

Аб тым, якія задачы стаяць перад працаўнікамі гаспадаркі ў бягучым годзе, расказала галоўны эканаміст Вольга Георгіеўна Вялічка:

—    Задачы пастаўлены складаныя, але выканальныя. Калі задзейнічаць усе рэзервы, то можна надаіць па 5500 кілаграмаў малака на карову, дасягнуць 700 грамовых сярэднясутачных прываг жывёлы па статку, атрымаць ураджайнасць зерневых культур па 50 цэнтнераў з гектара, рапса — 23.

Менавіта з такімі планамі згадзіліся і члены акцыянернага таварыства, якія прысутнічалі на сходзе.

Не забываюцца ў гаспадарцы і пра тых, хто шмат гадоў аддаў сельскай працы, а цяпер на заслужаным адпачынку. У гэтым годзе завяршылі працоўную дзейнасць В. А. Буйка, Т. Р. Скавырка, В. Ф. Буйка, А. У. Буда. Ім былі ўручаны ад кіраўніцтва і прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі каштоўныя падарункі.

На сходзе ўшаноўвалі маладых працаўнікоў, якіх у гаспадарцы 52 чалавекі. Самыя актыўныя атрымалі ад сакратара пярвічкі БРСМ Алены Ардынскай каштоўныя падарункі.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *