На варце эканамічных інтарэсаў краіны стаяць работнікі падатковых органаў

Общество

Наталля Мікульская, Таццяна Цімафеева, Валянціна Сікора, Анастасія Гінько

У другую нядзелю ліпеня, якая сёлета прыпадае на 10 чысло, сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі падатковых органаў. Прадстаўнікам гэтай прафесіі даверана важная місія — стаяць на абароне эканамічных інтарэсаў і фінансавай бяспекі краіны.

— Сваё прафесійнае свята наш невялікі жаночы калектыў сустракае з добрым настроем, — кажа намеснік начальніка інспекцыі—начальнік аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Шаркаўшчынскім раёне інспекцыі па падатках і зборах па Глыбоцкім раёне Таццяна Цімафеева. — Падставамі для гэтага з’яўляюцца станоўчыя вынікі ў дзейнасці і ўзнагароды, якія атрымалі нашы спецыялісты. У гэтым годзе намеснік начальніка аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Шаркаўшчынскім раёне Наталля Мікульская ўзнагароджана Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Валянціна Сікора адзначана Падзякай начальніка інспекцыі па падатках і зборах па Віцебскай вобласці, вядучы рэферэнт аддзела Анастасія Гінько — Падзякай начальніка інспекцыі па падатках і зборах па Глыбоцкім раёне. Хачу зазначыць, што галоўная мэта дзейнасці нашага аддзела — забеспячэнне правільнага падліку, своечасовасці і паўнаты аплаты падаткаў у бюджэт, а таксама выяўленне і прадухіленне парушэнняў падатковага заканадаўства ў Шаркаўшчынскім раёне, заахвочванне плацельшчыкаў да сумленнай выплаты падаткаў. Вельмі важна разумець, што падаткі забяспечваюць паступленне сродкаў у бюджэт і фінансаванне расходаў дзяржавы ў сацыяльнай і іншых важных сферах жыццядзейнасці ўсёй краіны. Таксама мы праводзім інфармацыйную работу з насельніцтвам, тлумачым тыя змены, якія ўносяцца згодна з патрабаваннямі часу. Мабільнае сучаснае падатковае заканадаўства стымулюе працэс развіцця бізнэсу і павялічвае эфектыўнасць работы эканомікі.

Падаткаплацельшчыкам, з якімі працуе наш аддзел, дзякую за добрасумленнасць і адказнасць, гатоўнасць да плённай сумеснай работы. Віншую сваіх калег з прафесійным святам, жадаю заставацца прафесіяналамі сваёй справы, захоўваць прынцыповую пазіцыю ў рабоце. Няхай назапашаны вопыт, сумленныя адносіны да сваіх абавязкаў і арыентаванасць на станоўчы вынік, як і раней, дапамагаюць дасягаць намечаных мэтаў і садзейнічаюць эфектыўнаму рашэнню пастаўленых задач. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам, якія ў розныя гады і на розных пасадах працавалі ў інспекцыі. Зычу ўсім добрага здароўя, шчасця і дабрабыту.

Андрэй БУРЭЦ.