Жыццё даўжэй за век. Вольга Грыгор’еўна Мароз адзначыла стогадовы юбілей

Общество

Па вуліцы Кастрыцніцкая, 18 нашага гарадскога пасёлка пражывае Вольга Грыгор’еўна Мароз. 8 ліпеня гэтая жанчына перасягнула адметны жыццёвы рубеж — 100 гадоў.

Нарадзілася юбілярка ў далёкім 1922 годзе ў вёсцы Лонскія. Вольга Грыгор’еўна помніць часы, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польскай дзяржавы. Яна была сведкай трагічных ваенных падзей. Як вядома, на тэрыторыі сённяшняга Іёдскага сельсавета фашысцкія карнікі палілі вёскі разам з насельнікамі. Пасля вайны, як і ўсе прадстаўнікі яе пакалення, цяжкай працай яна аднаўляла разбураную народную гаспадарку. Працавала ў тагачасным калгасе “Усход”на палявых работах. Выйшла замуж за Анастазія Вікенцьевіча, у сям’і нарадзілася дачка Таццяна.

Сустракаючыся з людзьмі такога паважнага веку, заўсёды задумваешся: у чым рэцэпт іх даўгалецця. Разам з добрым здароўем, простым сялянскім ладам жыцця, якое яны вялі, яшчэ адной важнай умовай становяцца тыя ўвага і догляд, якімі забяспечваюць пажылога чалавека родныя. Калі памёр муж Вольгі Грыгор’еўны і стан здароўя ўжо не дазваляў жыць адной, яе забрала да сябе дачка. Так сталася, што маці перажыла дачку, і вось ужо на працягу 8 гадоў пажылую жанчыну даглядае зяць Мікалай Мікалаевіч Гінько, якому самому сёлета споўніцца 80 гадоў. Напэўна, не кожны родны сын з такой увагай і дабрынёй адносіўся б да роднай маці, як ён да сваёй цешчы. Часта наведвае іх, аказваючы патрэбную дапамогу, яго дачка і ўнучка Вольгі Грыгор’еўны — Наталля. Трэба сказаць, што пажылая жанчына для сваіх гадоў выглядае добра, можа сама хадзіць па доме, любіць успомніць пра сваю маладосць. Як і ўсе пажылыя людзі, яна добра помніць даўнія падзеі. Дарэчы, дачакалася Вольга Грыгор’еўна і прапраўнучку. Маленькай Міраславе пяць месяцаў.

Мікалай Мікалаевіч Гінько, юбілярка Вольга Грыгор’еўна Мароз, Алена Шудзель

З нагоды юбілею 11 ліпеня да Вольгі Грыгор’еўны завіталі прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Алена Шудзель і спецыяліст аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу, інфармацыі і прагназавання Алена Юдыцкая. Алена Шудзель перадала замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе прадуктовага набору, якую прадаставіла грамадскае аб’яднанне “Беларускае дабрачыннае таварыства” ад Хрысціянскай Усходняй Місіі (горад Ворб, Швейцарыя). Сацыяльныя работнікі павіншавалі Вольгу Грыгор’еўну Мароз з юбілеем і пажадалі добрага здароўя.

Андрэй БУРЭЦ.