25 ліпеня — Дзень пажарнай службы

Служба 101

Валерый Ліпскі

Штогод 25 ліпеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень пажарнай службы. Гэта свята тых мужных людзей, якія ў часе пажараў, іншых небяспечных сітуацый спяшаюцца нам на дапамогу. Ад іх аператыўных, зладжаных і прафесійных дзеянняў залежыць захаванасць нашых дамоў, маёмасці і самая галоўная каштоўнасць — чалавечае жыццё. Выбар афіцыйнай даты свята не выпадковы. Менавіта 25 ліпеня ў 1853 годзе згодна з пастановай Мінскага губернскага праўлення і Мінскай гарадской думы была заснавана пажарная варта ў Мінску. З гэтага моманту пачынаецца афіцыйная гісторыя пажарнай службы Беларусі. Прыблізна ў гэты ж час спецыялізаваныя атрады ствараюцца ў Віцебску, Магілёве і іншых гарадах Беларусі. Пажарная служба ў Шаркаўшчыне таксама мае сваю багатую гісторыю. Сёння традыцыі папярэднікаў працягваюць супрацоўнікі Шаркаўшчынскага раённага аддзела па небяспечных сітуацыях (начальнік — Віктар Жук), якія з дапамогай сучаснай тэхнікі і абсталявання змагаюцца з небяспечнай вогненнай стыхіяй і праводзяць вялізную прафілактычную работу з насельніцтвам. Бо, вядома, лепш прадухіліць пажар, чым яго тушыць.

Адным з самых вопытных супрацоўнікаў аддзела з’яўляецца Валерый Ліпскі. У пажарную службу ён прыйшоў пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава ў 1999 годзе. Пачынаў працаваць у Расонах, але хутка вярнуўся ў родны раён, дзе паступіў на службу старшым пажарным ваенізаванай пажарнай часці г. п. Шаркаўшчына. Большую частку сваёй службы з 2005 па 2022 гады займаў пасаду намесніка начальніка Шаркаўшчынскага РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. Сёння падпалкоўнік унутранай службы Валерый Ліпскі з’яўляецца намеснікам начальніка Шаркаўшчынскага РАНС. Узнагароджаны медалямі “За бездакорную службу” 3-й і 2-й ступені.

Аляксандр Ішчык

Большую частку свайго працоўнага жыцця прысвяціў службе ў пажарнай часці г. п. Шаркаўшчына Аляксандр Ішчык: з 1994 да 2014 года. Прайшоў шлях ад пажарнага да камандзіра аддзялення. У адзін з ліпеньскіх дзён Аляксандр Іванавіч наведаў пажарную часць, у якой адслужыў 20 гадоў, пагаварыў з былымі саслужыўцамі, успомніў шматлікія дзяжурствы, выезды на тушэнне пажараў, небяспечныя сітуацыі.

Трэба сказаць, што ў калектыве шаркаўшчынскіх пажарных-выратавальнікаў падтрымліваюць трывалую сувязь з ветэранамі пажарнай службы, віншуюць з юбілеямі, праводзяць сустрэчы. Такім чынам забяспечваецца пераемнасць традыцый і пакаленняў.

Андрэй БУРЭЦ.