У суботу, 13 красавіка, на плошчы каля рынку адбыўся сельскагаспадарчы кірмаш. Мэта яго правядзення — забеспячэнне насельніцтва райцэнтра і маючых патрэбу сяльчан у насенным матэрыяле розных культур, усяго неабходнага для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.
Надвор’е ў той дзень не надта спрыяла масаваму прытоку людзей на рынак — з самай раніцы ішоў дождж. Не вельмі многа было аўтатранспарта сельгасарганізацый і прадпрыемстваў, якія даставілі на рэалізацыю прадукцыю. Так, зернефураж (ячмень) па цане 1.500 рублёў за кілаграм можна было набыць з аўтамашыны ААТ “Жвіранка”. Такі ж кошт быў за 1 кілаграм бульбы, якую прывезлі з КУВСП “Гарадзец”. Райспажыўтаварыства прапаноўвала набыць цыбулю, моркву, буракі, яблыкі, зерне, камбікорм, а таксама насенны матэрыял бульбы па цане 6.050 рублёў за кілаграм. Прадукцыю ўласнай вытворчасці рэалізоўваў кансервава-агароднінасушыльны завод: салаты, тушонкі, сокі. Каму быў неабходны грунт для пасадкі гародніны — падыходзілі да аўтамашыны з райгазу. Там яго прадавалі ў герметычнай упакоўцы рознага аб’ёму.
Нагадаем, што згодна распараджэнню старшыні райвыканкама М. І. Баговіча ад 05.04.2013 г. № 52р 20 і 27 красавіка ў райцэнтры адбудуцца кірмашы па рэалізацыі садова-агароднага інвентару, насеннай бульбы, пасадачнага матэрыялу пладова-ягадных культур, мінеральных угнаенняў і будматэрыялаў. 4 мая — па продажу харчовых і прамысловых тавараў, прадукцыі грамадскага харчавання. Продаж тавару будзе праходзіць па зніжаных цэнах. Спяшайцеся набыць усё неабходнае!
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
