У ААТ «Агратэхсэрвіс» узнагародзілі перадавікоў корманарыхтоўкі

Главное Сельское хозяйство

Міхаіл Кавалёнак, Сяргей Балай, Яся Краснікава, Аляксандр Кірэй, Алеся Ляўшыцкая, Міхаіл Шук

У гаспадарках Шаркаўшчынскага раёна працягваецца корманарыхтоўка. Асноўны аб’ём работ выкананы, і прафсаюзы пачалі падводзяць вынікі, узнагароджваючы пераможцаў працоўнага спаборніцтва.

20 ліпеня дырэктар ААТ “Агратэхсэрвіс” Міхаіл Кавалёнак, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і старшыня пярвічкі ГА “Беларускі саюз жанчын” сельгаспрадпрыемства Яся Краснікава, галоўны бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алеся Ляўшыцкая выехалі на сенажаць, дзе вялася ў той дзень нарыхтоўка кармоў, каб павіншаваць перадавікоў.

Прафсаюзнымі падзякамі за добрасумленную, высокавытворчую працу, дасягненне найлепшых вынікаў па нарыхтоўцы кармоў і грашовымі прэміямі былі ўзнагароджаны Міхаіл Шук (на агрэгаце КВК-800 здрабніў 9260 тон зялёнай масы), Сяргей Балай (на трактары “Беларус” МТЗ-3022 у счэпе з “Роланд” нарыхтаваў у стрэйч-плёнку 2380 тон зялёнай масы), а таксама механізатар КУВСП імя Маркава Аляксандр Кірэй, які на агрэгаце “Ягуар-850” камандзіраваны ў “Агратэхсэрвіс” на дапамогу.

Міхаіл Кавалёнак падзякаваў мужчынам за сумленную працу і высокія паказчыкі, адзначыўшы, што Міхаіл Шук і Сяргей Балай з’яўляюцца лідарамі раённага спаборніцтва. У гаспадарцы на дадзены момант нарыхтавалі прыблізна 70 працэнтаў неабходных для зімоўкі жывёлы кармоў. А значыць, нягледзячы на складанасці, у чарговы раз дружны калектыў механізатараў, спраўляецца з пастаўленай задачай. Да віншаванняў далучыліся Яся Краснікава і Алеся Ляўшыцкая.

Сяргей Балай ужо сёмы год нарыхтоўвае кармы на агрэгаце “Роланд”, які прэсуе зялёную масу ў рулоны і запакоўвае ў плёнку.

— Тэхніка надзейная, прывык да яе, — кажа Сяргей. — Працы нам хапае. Трава сёлета добрая, я сказаў бы нават, выдатная. Спачатку надвор’е не спрыяла, думалі, што будзе складана. Але пасля дажджоў трава пайшла расці. А калі бачыш вынік сваёй работы, то і працаваць прыемна. У мяне такая тэхніка, што калі зялёная маса вільготная, рулоніць яе не будзе. Таму даводзіцца чакаць, пакуль прасохне. Але калі надвор’е сонечнае, то працую з ранку да вечара.

У ААТ “Агратэхсэрвіс” адны з самых вялікіх плошчаў у раёне. На 22 ліпеня ў гаспадарцы скошана 2322 га траў, нарыхтавана 16878 тон сенажу, 736 тон сена, што складае 12,3 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Андрэй БУРЭЦ.