Сярэдняя ўраджайнасць азімых зерневых культур у ААТ «Княж» дасягае 30 цэнтераў з гектара

Главное Сельское хозяйство

Уборачная кампанія цяпер у самым разгары. Свае карэктывы ў яе ход уносяць дажджы, але як толькі каласы падсыхаюць, камбайнеры працягваюць жніво.
Нават маючы сучаснае абсталяванне, аграрыі і сёння шмат у чым залежаць ад капрызаў “нябеснай канцылярыі”. Каб укласціся ў тэрмін, даводзіцца выкарыстоўваць добрае надвор’е па максімуме. Такога ж прынцыпу прытрымліваюцца і аграрыі ААТ “Княж”. З самага ранку і да змяркання мясцовыя хлебаробы знаходзяцца ў полі. У гэтым мы ўласна ўпэўніліся, калі наведалі гаспадарку.
На 78-гектарным полі, дзе расла азімая пшаніца, паміж вёскамі Жукі Горныя і Навасельцы спелую збажыну ўбіралі вопытныя камбайнеры Віктар Хаданёнак, Міхаіл Андзілеўка і Аляксандр Лаўрыновіч. За ходам жніва пільна сачылі кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Буда і галоўны аграном Сяргей Клімец. Яно і не дзіўна, бо сёлета Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад кожнага аграрыя цвёрдай дысцыпліны на месцах. Дробязей у справе ўборкі ўраджаю і нарыхтоўкі зерня быць не павінна. Своечасовае і якаснае правядзенне жніва на сённяшні дзень з’яўляецца стратэгічнай задачай.
— Усе мы — працаўнікі вёскі — цалкам згодныя са словамі кіраўніка дзяржавы, — кажа Уладзімір Пятровіч. — Толькі трывалая дысцыпліна на месцах, сумленне і адказнасць да даручанай справы прынясуць свой станоўчы вынік. У нашай гаспадарцы гэта разумее кожны. Тэхніку інжынерная служба і механізатары падрыхтавалі ў тэрмін. Вядома, раз-пораз здараюцца паломкі, але мы іх аператыўна ліквідуем. Усяго ў сельгаспрадпрыемстве налічваецца 5 зернеўборачных камбайнаў, столькі ж адзінак тэхнікі маецца для адвозу зерня на сушыльны комплекс. Сёлета нам трэба абмалаціць амаль паўтары тысячы гектараў зерневых і зернебабовых культур. Задача гэта нескладаная. Галоўнае, каб не падвяло надвор’е. Ураджайнасць азімыя даюць 30 цэнтнераў на круг. Спадзяёмся, што атрымаем высокі вал аўса, зернебабовых культур. Намалацілі 221 тону азімага рапсу, яравы таксама павінен даць добры намалот. Гаспадарцы даведзены план па выкананні дзяржаўнага заказу: трэба здаць 400 тон зерневых і 100 тон рапсу. Гэту задачу мы выканаем у самы бліжэйшы тэрмін.
Звыш нормы нарыхтавалі сена, сенажу, што дазволіць нам без перашкод правесці зімова-стойлавы перыяд жывёлы. Паралельна са жнівом займаемся ворывам, бо ужо набліжаецца тэрмін, калі трэба будзе сеяць азімы рапс, а потым і азімыя зерневыя культуры.
У гаспадарцы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй распрацаваны ўмовы спаборніцтва сярод работнікаў, занятых на жніве. Акрамя таго, прафсаюзы сочаць за ўмовамі працы, правільным харчаваннем аграрыяў.
На ўскрайку поля мы заўважылі пажарную аўтацыстэрну на базе аўатамабіля ГАЗ-66, за рулём якой ужо на працягу 46 год нязменна працуе Мікалай Сяліцкі. Мужчына хоць і на заслужаным адпачынку, але падчас жніва заўсёды прыходзіць на дапамогу роднай гаспадарцы. У завяршэнні працоўнага дня ён мые ад пылу камбайны, пільна сочыць, каб у спёку не адбылося ўзгарання тэхнікі.
Адзін за адным рухаюцца па пшанічных хвалях магутныя камбайны, паглынаючы спелае залацістае калоссе, якое нізка схіляецца перад хлебаробамі.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота Сяргея РАЙЧОНКА.