На роспач не маеш права,
Хаваеш слабасць і стому.
Твая нялёгкая справа
Жыццё адкрываць другому…
Алена Руцкая
Настаўнік… Як прыгожа гучыць гэта слова! Яму давяраюць, яго паважаюць. Так было ва ўсе часы.
Вольга Іванаўна Зуй нарадзілася і вырасла на Полаччыне, каля вёскі Гараны. Дзяцінства гэтай дзяўчыны было абпалена Вялікай Айчыннай вайной. Яна і цяпер добра памятае налёты варожай авіяцыі, бамбёжкі, абстрэлы, усё гэта захавала дзіцячая памяць назаўсёды.
Пасля вайны, калі прага да ведаў была вялікая, Вольга Іванаўна паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча. Вучоба давалася ёй лёгка, вучыцца падабалася, увесь час чытала мастацкую літаратуру, хапала часу і на грамадскую работу.
У 1953 годзе Вольга Іванаўна па накіраванні прыехала ў Шаркаўшчыну. Першапачаткова ў раённым аддзеле народнай асветы ёй прапанавалі пасаду настаўніцы 4 класа Казакоўскай пачатковай школы, але больш вопытныя калегі адгаварылі маладога педагога. У выніку Вольга Іванаўна трапіла на першае месца працы ў Велікасельскую пачатковую школу. Дарэчы, першае месца працы аказалася пастаянным, тут яна настаўнічала ажно 40 год, да выхаду на заслужаны адпачынак.
— Мне вельмі спадабаліся мясцовыя жыхары, — успамінае Вольга Іванаўна, — добразычлівыя, спагадлівыя, гатовыя ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу, падзяліцца апошнім акрайчыкам хлеба. У гэтым я адразу адчула вялікую розніцу паміж насельніцтвам заходняй і ўсходняй Віцебшчыны. Дзеці ў школе заўсёды былі паслухмяныя, старанна выконвалі хатнія заданні, рыхтаваліся да заняткаў, ахвотна ўдзельнічалі ў гуртках мастацкай самадзейнасці, з павагай ставіліся да настаўнікаў, да старэйшых людзей.
У сваю чаргу і мы, педагогі, таксама ўкладвалі душу ў любімую работу, з захапленнем рыхтаваліся да конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, стараліся зрабіць школьнае жыццё больш цікавым, вясёлым і разнастайным.
Калі я пачынала сваю працу ў Вялікім Сяле, школа была пачатковай. З цягам часу яна стала сямігодкай, потым васьмігодкай. Павялічвалася колькасць вучняў, колькасць класаў і колькасць настаўнікаў.
Шматлікія маладыя педагогі, якія траплялі на працу ў Вялікае Сяло, стваралі тут свае сем’і, заставаліся жыць і працаваць у гэтай мясцовасці. Я таксама пакахала велікасельскага хлопца-прыгажуна Фёдара, які на працягу немалога перыяду заляцаўся да мяне. Я дала згоду стаць яго спадарожніцай жыцця. Неўзабаве, у 1955 годзе мы згулялі вяселле. Нарадзілі, выхавалі і вывелі на шырокую дарогу жыцця дзвюх дачок Галіну і Веру. Абедзьве атрымалі вышэйшую адукацыю, жывуць і працуюць у Мінску ў сродках масавай інфармацыі. Дарэчы, іх спадарожнікі жыцця таксама абралі для сябе прафесію журналіста. Напрыклад, муж дачкі Веры Сяргей Міховіч працуе галоўным рэдактарам «Сельскай газеты». Дачка Галіны таксама стала журналістам. Наогул, у мяне вялікая сям’я: дзве дачкі, дзве ўнучкі, адзін унук, дзве праўнучкі і адзін праўнук.
З цеплынёй і пяшчотай у сэрцы ўспамінаю сваіх былых калег, з кім давялося разам працаваць у Велікасельскай школе. Гэта Гертруда Віктараўна Паляк, Зоя Міхайлаўна Васілеўская, Рыгор Раманавіч Арабец, Вера Пятроўна Татаровіч, Ганна Іванаўна Брылёва, Сяргей Рафаілавіч Ганебны і шмат іншых таленавітых педагогаў.
У пачатку жніўня Вольга Іванаўна сустрэла свой чарговы юбілей — 90-годдзе з дня нараджэння. З адметнай датай у жыцці яе павіншавалі родныя і блізкія людзі, сябры, завіталі да імянінніцы і педагогі з Велікасельскай дзіцячы сад—базавай школы. Мы таксама далучаемся да віншаванняў і зычым Вользе Іванаўне трывалага здароўя, жыццёвай вытрымкі, аптымізму, любові, спагады і цеплыні, якія ёй шчодра дораць родныя людзі!
Сяргей РАЙЧОНАК.