Жніво ў нашым раёне перайшло свой “экватар”. Формула паспяховай работы заключаецца ў стараннай працы аграрыяў, дысцыпліне, наяўнасці паліва і запасных частак, таксама ёй спадарожнічаюць добрыя ўмовы надвор’я, якія дазваляюць без страт сабраць вырашчаны ўраджай з палёў.
Пра высокія намалоты клапоцяцца аграрыі ААТ “Даватарскі”. І кіраўніцтва гаспадаркі, і спецыялісты сярэдняга звяна, і камбайнеры з механізатарамі, і вадзіцелі, і паляводы з работнікамі зернесушыльных комплексаў зацікаўлены ў тым, каб убраць вырашчаны ўраджай без страт. Сёння надзвычай важна забяспечыць харчовую бяспеку раёна, вобласці, краіны. З самага ранку і да змяркання шчыруюць у полі мясцовыя хлебаробы. Да выпадзення расы чутны рокат камбайнаў на ніве.
11 жніўня 7 адзінак камбайнаў “Палессе” КЗС-1218 і адзін камбайн “New Holland” убіралі азімую пшаніцу каля вёскі Пятровічы. Уся тэхніка была ў той дзень сканцэнтравана ў аддзяленні № 1, якое з нядаўняга часу ўзначальвае Юрый Жынгель. Дарэчы, ён жа сам знаходзіцца за штурвалам камбайна, разам з іншымі ўбірае збажыну.
— Хоць месцамі глеба пераўвільготнена з-за нядаўніх дажджоў і тэхніка рухаецца з цяжкасцямі, азімая пшаніца выспела і яе трэба ўбіраць, — кажа Юрый Пятровіч. — Поле, дзе пасеяна азімая пшаніца на плошчы 105 гектараў, убірае камбайнер Юрый Ардынскі. Сем камбайнаў “Палессе” КЗС-1218 абмалочваюць збажыну на 58-гектарным участку. Сёння ўборка азімай пшаніцы тут будзе завершана. Ураджайнасць нядрэнная — ад 30 і да 35 цэнтнераў на круг.
Тым часам пад разгрузку пад’ехаў малады камбайнер Віталій Мішута. Хлопец чацвёрты сезон дапамагае гаспадарцы падчас жніва.
— Калі пачынаецца ўборачная кампанія ў ААТ “Даватарскі”, на асноўнай рабоце (а працую я на чыгунцы) бяру водпуск і перасаджваюся за штурвал камбайна, каб і сабе грошай крыху зарабіць і гаспадарцы дапамагчы, — з усмешкай прамовіў Віталій.
— Нашай гаспадарцы заўсёды падчас жніва дапамагаюць работнікі чыгункі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія працуюць за штурваламі камбайнаў, — кажа Юрый Пятровіч. — На адвозе зерня акрамя грузавых машын гаспадаркі задзейнічаны яшчэ і самазвалы з ПМК-68 і ПМС.
На ўскрайку поля на пажарнай аўтацыстэрне ЗіЛ-131 дзяжурыць разлік выратавальнікаў-пажарных у складзе сяржантаў Уладзіслава Кавалеўскага і Андрэя Васюцёнка. Іх задачай з’яўляецца аператыўнае ліквідаванне магчымага ўзгарання тэхнікі падчас жніва, а таксама прамыўка зернеўборачных камбайнаў.
Жніво працягваецца, а значыць, наперадзе камбайнераў чакаюць яшчэ большыя намалоты.
Сяргей РАЙЧОНАК.





