Калі чуеш слова “паштальён”, то адразу ўзнікае асацыяцыя з газетамі і часопісамі, “бухгалтар” — з лічбамі, “настаўнік” — з дзецьмі. Розныя ўяўленні выклікае і слова “будаўнік”.
— Асабіста для мяне будаўнік — гэта чалавек, які стварае ўтульнасць для кожнага з нас, — кажа дырэктар Шаркаўшчынскай ПМК-68 Васілій Зубовіч. — Ён робіць зямлю вакол сябе прывабнай і адметнай і разам з тым пакідае пасля сябе добры след.
Больш за паўвека Дзень будаўніка штогод адзначаецца ў другую нядзелю жніўня. Будаўнікі — людзі самай стваральнай і мірнай прафесіі. Архітэктары, інжынеры, канструктары, муляры, тынкоўшчыкі, маляры, цесляры — усе гэтыя спецыялісты патрэбныя на будоўлі.
— Лічу, што любое будаўніцтва — добры паказчык таго, што жыццё працягваецца, — упэўнены Васілій Канстанцінавіч. — Нягледзячы на тое, што наша арганізацыя перажывае не самыя лепшыя часы, мы стараемся трымацца, шукаем аб’ёмы работ у сваім раёне і за яго межамі. Працуем на ўзвядзенні 60-кватэрнага жылога дома ў Паставах, будуем 40-кватэрны жылы дом у Браславе, на чарзе будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома ў Міёрах. На дадзены момант займаемся рамонтам дзіцячага сада № 3 у гарадскім пасёлку, рабілі бардзюры для тратуара па вуліцы Чырвонаармейскай у райцэнтры, аналагічным відам работ займаліся і ў Глыбокім, у мікрараёне Паўночны. На чарзе правядзенне рамонтных работ у раённым цэнтры рамёстваў. Таксама спадзяёмся, што ў хуткім часе атрымаем дазвол на рэканструкцыю фермы “Квачы”, што ў Глыбоцкім раёне. Гэта даволі сур’ёзны аб’ект, на якім мы павінны зарэкамендаваць сябе станоўча. Восенню плануецца пачаць будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома па вуліцы Рабочая ў нашым гарадскім пасёлку, дзе Шаркаўшчынская ПМК-68 будзе прымаць самы непасрэдны ўдзел.
Дарэчы, хачу зазначыць, што з 2015 года наша прадпрыемства своечасова выплочвае заработную плату сваім работнікам. З мая мінулага года Шаркаўшчынская ПМК-68 цалкам разлічылася па ўсіх судовых ісках. Па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў прадпрыемства за першае паўгоддзе 2022 года агульная выручка ад выканання будаўніча-мантажных работ, аказання паслуг склала 590 тысяч рублёў, што на 160 тысяч рублёў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Тыя работнікі, якія выконваюць норму выпрацоўкі, атрымліваюць заробак у памеры не менш за адну тысячу рублёў і нават больш.
На сённяшні дзень у арганізацыі налічваецца 64 работнікі разам з адміністрацыяй. Нам вельмі не хапае кваліфікаваных спецыялістаў: муляроў, бетоншчыкаў, плітачнікаў, тынкоўшчыкаў. Патрабуюцца таксама і рознарабочыя. Спадзяёмся, што ў хуткім часе вакансіі ў нашай арганізацыі будуць закрыты, аб’ёмы работ павялічацца і арганізацыя будзе працаваць на поўную моц, як і ў мінулыя часы.
Паважаныя калегі, дарагія сябры, няхай работа прыносіць вам радасць, а дома чакае сям’я, якая ганарыцца і ва ўсім падтрымлівае вас! Здароўя вам і шчасця! З Днём будаўніка!
Сяргей РАЙЧОНАК.