
У сакавіку ў будынку раённай бальніцы пачаў дзейнічаць бібліятэчны пункт цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Па дамоўленасці аддзела культуры і адміністрацыі ЦРБ выдзелены асобны пакой на першым паверсе, побач з гардэробам, для работы бібліятэкараў. У ім размешчаны стэлажы з кнігамі і пісьмовы стол. Працуюць тут работнікі раённай бібліятэкі — Аліна Эдмундаўна Яблонская і Раіса Мікалаеўна Гракава. Аліна Эдмундаўна абслугоўвае карыстальнікаў у памяшканні. Сярод іх як медперсанал, так і пацыенты, якія здольныя самастойна перамяшчацца. “Ляжачых” хворых па аддзяленнях абслугоўвае літаратурнымі навінкамі і перыядычнымі выданнямі Раіса Мікалаеўна.

За сакавік аформлены абанемент на 68 новых чытачоў. Кнігавыдача за мінулы месяц склала больш чатырохсот экземпляраў. Новаўвядзенне пайшло на карысць і бібліятэчнай сістэме, бо павялічылася колькасць чытачоў, кнігаабарот, і пацыентам бальніцы, якія ахвотна карыстаюцца паслугай бібліятэкараў. А працуе бібліятэчны пункт па аўторках і чацвяргах з 11.00 да 13.00 гадзін.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.