Чалавек года Шаркаўшчыны: механізатар КУВСП імя Маркава Іосіф Качан

Сельское хозяйство

На старонках раённай газеты часта сустракаецца прозвішча Іосіфа Станіслававіча Качана, як перадавога механізатара КУВСП імя Маркава. У яго сям’і гадаваўся сын Дзмітрый. Хлопец змалку захапіўся тэхнікай. Як стаў падрастаць, з бацькам праводзіў летнія канікулы ў кабіне трактара. А калі цвёрда вырашыў, што стане механізатарам, то ўжо мог разабраць па запчастках і скласці трактар, бо часта рабіў рамонт разам з бацькам.

Закончыўшы школу, прайшоў паскораныя курсы навучання пры райсельгастэхніцы і з пасведчаннем трактарыста прыйшоў у КУВСП імя Маркава. Спачатку Дзіму выдзелілі старэнькі трактар МТЗ-82. Кіраўніцтва гаспадаркі заўважыла, што хлопец працуе старанна. Праз два месяцы малады механізатар атрымаў навейшы МТЗ-82. Адбыўшы тэрміновую службу ў арміі, Дзмітрый Качан не расчараваўся ў аднойчы выбранай прафесіі — стаў працаваць у саўгасе на трактары МТЗ-892. Ён не прэтэндаваў на новы, “выпрабоўваў” тэхніку і сябе. Цяпер Д. І. Качан паўнапраўны гаспадар навейшага камп’ютаразаванага трактара МТЗ-1221.

Па характару вясёлы, жартаўлівы малады мужчына знайшоў рамантыку і ў сваёй працы. Прырасла душа чалавека за зямлі.

“Каб не было ночы, то працаваў бы,” — так гаварыў механізатар, калі вялася ўборка збажыны. Сем уборачных кампаній за яго плячыма. А ў мінулым годзе на камбайне КЗС-1218 камбайнер намалаціў 1239 умоўных тон зерня. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў сярод маладых камбайнераў гаспадаркі.

— Прыемна, калі тваю працу цэняць. І не проста хваляць, але заахвочваюць матэрыяльна. Усё добра. Адно непакоіць, што няма жылля. Даводзіцца жыць сям’ёй у адным доме з бацькамі. А хацелася б сваё, уласнае гняздо віць, — сказаў на развітанне Дзмітрый Іосіфавіч.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *