Сёлета пасяўная ў Беларусі пачалася пазней звычайнага. Хлебаробы не маглі выехаць у поле з-за сюрпрызаў надвор’я — зіма не хацела здаваць пазіцыі, таму вясна затрымалася. І як толькі надвор’е дазволіла распачаць пасяўную, земляробы ўзяліся за справу. У Шаркаўшчынскім раёне першымі пачалі сеяць у КУВСП “Гарадзец”. 21 красавіка трактары з сеялкамі выйшлі ў поле. Пра тое, як вядуцца работы, а таксама пра планы на пасяўную расказвае галоўны аграном КУВСП “Гарадзец” Святлана Уладзіміраўна Яворская:
— З 21 красавіка ў гаспадарцы стартавала пасяўная. Адразу пачалі сеяць элітны ячмень сорту “бацька” — пасеялі 12,5 гектара. 22 красавіка было засеяна 41 га зернебабовых, падсеялі 40 га траў. 23 красавіка трактар з сеялкай СЗ-5,4 працаваў ва ўрочышчы Дубоўка, як вынік — пасеяна 11 га яравой пшаніцы. У той жа дзень каля Верацеяў яравы рапс распачаў сеяць Юрый Урублеўскі. У планах сеяць рапс у бліжэйшыя дні. Па стану на момант перадачы нумара ў друк (вечар 26 красавіка) у гаспадарцы было пасеяна 76 га яравой пшаніцы, 70 га ячменю і 50 га яравога рапсу.
Па словах галоўнага агранома, трэба ўзорваць зямлю — рыхтаваць глебу да сяўбы. Але гэтаму працэсу перашкаджае пераўвільгатненне — у некаторых месцах вада стаіць на палях. Тым не менш праца не спыняецца — агранамічная служба гаспадаркі вызначае “сухія” палі, там, дзе ўжо можна працаваць. На момант падрыхтоўкі матэрыялу пасяўныя работы вяліся ў Чырвонай Гары.
Падчас пасяўной у “Гарадцы” будуць працаваць у дзве змены. Механізатараў, па словах С. У. Яворскай, хапае. На дапамогу прыйдуць два спецыялісты з мясцовага лясніцтва.
У гаспадарцы маецца 7 пасяўных агрэгатаў: СЗ-5,4, тры “Лемкены” і тры АПП-6. Пры ўмове, што не перашкодзіць надвор’е, пасяўная будзе весціся хуткімі тэмпамі — для гэтага ёсць усё неабходнае. Такога меркавання прытрымліваюцца галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемства.
Напярэдадні пасяўной вялася вялікая падрыхтоўчая работа. Рамантавалася тэхніка, быў падрыхтаваны насенны матэрыял. Праводзіліся сустрэчы з механізатарамі — кожны з іх атрымаў папку з расцэнкамі і нормамі. Кожны, хто задзейнічаны ў гэтай адказнай сельскагаспадарчай кампаніі павінен ведаць, што яго праца будзе аплочвацца належным чынам. Таму трэба сабрацца і добра папрацаваць, што, у сваю чаргу, дазволіць зарабіць.
Святлана Уладзіміраўна расказала, што з першых дзён мясцовыя хлебаробы атрымліваюць абед і падвячорак — ежа дастаўляецца прама ў поле. Гэта дазваляе эканоміць каштоўныя хвіліны, бо, як кажуць, вясновы дзень год корміць.
Пасяўная — гэта не толькі непасрэдна сяўба. Адначасова вядуцца іншыя работы. Вывозіцца арганіка на палі. Барануюцца травы, вядзецца падкормка траў і азімых — на гэтых работах задзейнічаны пяць адзінак тэхнікі: дзве “Расы” і тры РДУ-1,5. Дзве брыгады рабочых з Брэсцкай вобласці задзейнічаны на збіранні камянёў на палях. Як вядома, “гарадзецкія” палі нібыта засеяны каменнем — іх няма толькі ў Чырвонай Гары. “Дарэчы, прадстаўнікі Брэстчыны працуюць добра — з 8.00 да 20.00 і з гадзінным перапынкам, — адзначае С. У. Яворская. — Іх дысцыпліне можна толькі пазайздросціць. І вынік адпаведны”.
Давялося пагутарыць з механізатарам Яўгенам Агрызка, які на СЗ-5,4 сеяў яравую пшаніцу.
— Пачалі пасяўную пазней, таму трэба спяшацца. Нельга ўпускаць аптымальныя тэрміны. Зробім усё, каб адсеяцца якасна і своечасова, — упэўнена заявіў працаўнік. І Яўгену можна верыць. Ён 5 гадоў працаваў падчас пасяўной з “хіміяй” на апырсквальніку. Сёлета перасеў на сеялку. Галоўны аграном ахарактарызавала Яўгена Агрызку як добрага спецыяліста.
Запраўляў сеялку пратручаным зернем, якое падвозілася на аўтамашыне, вадзіцель Аляксандр Каснікоўскі. Ён мае 27-гадовы выдзіцельскі стаж, 5 гадоў працаваў на трактары. Падчас уборачнай Аляксандр штогод шчыруе на камбайне.
У Аляксандра Каснікоўскага ёсць захапленне — ён любіць іграць на баяне і спяваць. На жаль, падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній на гэта не застаецца часу. “Нічога, будзем іграць і спяваць зімой, а пакуль трэба працаваць”, — пажартаваў жыццярадасны кіроўца.
Такім чынам пасяўная ў КУВСП “Гарадзец” набірае абароты. А працы сапраўды шмат. Трэба пасеяць 2882 га яравых зерневых, у тым ліку 30 га грэчкі, 600 га кукурузы, 450 га яравога рапсу, 50 га бульбы, 3 га морквы, 2 га капусты, а таксама ўзараць 1.200 га глебы. І час прыспешвае. Але з такімі працаўнікамі гаспадарцы пад сілу справіцца з пастаўленымі задачамі.
АД РЭДАКЦЫІ: са святам працы вас, хлебаробы КУВСП “Гарадзец”! Жадаем паспяхова правесці пасяўную, нягледзячы на сюрпрызы надвор’я.
Аляксандр БАРЫЛА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
