Наш карэспандэнт даведаўся, як праходзіць уборачная кампанія ў ААТ «Ельня-Агра»

Сельское хозяйство

Камбайнеры Аляксей Малыш і Аляксандр Катовіч

Сонечнае і сухое надвор’е, якое ўсталявалася ў жніўні, дазваляе хлебаробам паскоранымі тэмпамі весці ўборачную кампанію. Аграрыі знаходзяцца ў полі з самага ранку і да выпадзення расы на збажыне. Час прыспешвае — зерневыя трэба ўбраць у тэрмін і без страт.
У ААТ “Ельня-Агра” сёлета запланавана ўбраць зерневыя на плошчы 1000 гектараў. Па стане на 23 жніўня абмалочана 737 гектараў, адпраўлена ў дзяржаўныя засекі 2133 тоны збожжа ўраджаю 2022 года. Сярэдняя ўраджайнасць складае 28,9 цэнтнера з гектара.
— Старанна працуюць камбайнеры Аляксей Малыш, Аляксандр Катовіч, Аляксандр Мацкевіч, Віктар Лагун, — кажа кіраўнік сельгаспрадпрыемства Міхаіл Якімовіч. — Паломкі тэхнікі, якія, на жаль, здараюцца, інжынерная служба і самі камбайнеры, ліквідуюць аператыўна і якасна. За кожным камбайнам замацавана тэхніка для своечасовага адвозу зерня на сушыльны комплекс. Ачыстку і дасушку зерня праводзяць аператары Уладзіслаў Трапачка, Андрэй Урбановіч і Андрэй Шабан. Дапамагае нам і моладзь: Глеб Свілёнак, Дзяніс Васілевіч, Аляксандр Паўчанка, Віталій Шабан і Наталля Яблонская самастойна выявілі жаданне дапамагчы падчас жніва сельгаспрадпрыемству і тым самым зарабіць грошы. Кіраўніцтва гаспадаркі стварыла для працы падлеткаў усе належныя ўмовы і вельмі задаволена вынікамі іх работы. Не застаюцца па-за ўвагай і прысядзібныя ўчасткі зерневых культур нашых вяскоўцаў. Для іх абмалоту таксама накіроўваем тэхніку.

Аператары зернесушылкі Уладзіслаў Трапачка, Андрэй Урбановіч і Андрэй Шабан

Сёлета мы заклалі трывалую кармавую базу на зімова-стойлавае ўтрыманне буйной рагатай жывёлы. Нарыхтавалі 827 тон сена пры плане 360 тон, заклалі ў траншэі 7176 тон сенажу пры плане 4850 тон. Нарыхтавана 20,1 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Наперадзе чакае ўборка кукурузы і нарыхтоўка сіласу. Агранамічная служба і механізатары ўклаліся ў тэрмін і своечасова пасеялі азімы рапс. Пры плане сяўбы 130 гектараў мы загарнулі насенне гэтай культуры ў глебу на плошчы 138 гектараў. Цяпер паралельна з уборкай збажыны актыўнымі тэмпамі ідзе падрыхтоўка глебы пад сяўбу азімых зерневых.
У пачатку верасня, як будзе абмалочаны апошні гектар збажыны, у гаспадарцы плануюць правесці мясцовыя “Дажынкі”, каб адзначыць хлебаробаў за іх нялёгкую працу, выказаць словы вялікай удзячнасці і павагі кожнаму, хто зярнятка да зярнятка збіраў агульны каравай 2022 года.
Сяргей РАЙЧОНАК.