Мой родны кут, радзімая зямліца,
Цябе нікому не адняць.
Як мне табой не ганарыцца,
Цябе, як сонца, не вітаць?
Кожны населены пункт мае сваю багатую гісторыю і славіцца жыхарамі — працаўнікамі, майстрамі, творчымі людзьмі. Па добрай традыцыі работнікі культуры ладзяць святы, прысвечаныя аграгарадкам, вёскам, вуліцам. Сёлета такія мерапрыемствы пачаліся ў ліпені.
У сярэдзіне жніўня прайшло свята аграгарадка Верацеі. У населеным пункце пражывае каля 150 чалавек. У асноўным гэта пенсіянеры, але ёсць і тыя, хто працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве, у лясной гаспадарцы, у сацыяльнай сферы. Пражываюць тут і дзеці — вучні Лужкаўскай сярэдняй школы. Большасць мясцовых жыхароў, а таксама тыя, хто нарадзіўся ў гэтых маляўнічых мясцінах, а потым выехаў у горад, сабраліся на свята аграгарадка на адкрытай пляцоўцы каля цэнтра культуры і адпачынку. Работнікі ўстановы культуры з дапамогай Лужкаўскага сельсавета, мясцовага насельніцтва арганізавалі цудоўнае мерапрыемства.
— Шчыра і сардэчна вітаю вас, дарагія землякі! Дазвольце мне павіншаваць усіх з цудоўнай падзеяй — святам аграгарадка Верацеі, — з такімі словамі звярнулася да прысутных старшыня Лужкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Краснадубская. — Жадаю ўсім весела і з карысцю правесці свой вольны час у гэты цёплы і сонечны жнівеньскі дзень. Няхай навокал пануюць толькі ўсмешкі і бадзёры настрой.
Падчас вясёлага святкавання ўшаноўвалі імяніннікаў, сямейныя пары, якія сёлета адзначаюць юбілейныя даты сумеснага жыцця. Гэта Мікалай і Зоя Краснадубскія, Валерый і Таццяна Эйтміновічы, Уладзімір і Ірына Жарковы, Мікалай і Алена Шчасныя, Васіль і Клеапатра Рымко, Аляксандр і Наталля Андзілеўкі, Сяргей і Алеся Кулінок.
Шмат цёплых слоў гучала ў адрас старэйшыны аграгарадка Гардзея Мікалаевіча Абрамчыка. Нягледзячы на сталы ўзрост, мужчына займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, прымае ўдзел у грамадскім жыцці населенага пункта і яго жыхароў.
На працоўных руках трымаецца вясковае жыццё. Адны з’яўляюцца механізатарамі, вадзіцелямі і жывёлаводамі, іншыя — ўрачамі, педагогамі і выхавальнікамі. Але ўсе разам яны клапоцяцца пра дабрабыт у сваіх сем’ях, пра дабрабыт і заўтрашні дзень сваёй малой радзімы. Так было і так будзе заўсёды.
Амаль да самага змяркання ў Верацеях гучала музыка, мясцовыя жыхары разам з самадзейнымі артыстамі спявалі песні, ажыўлена ішоў гандаль прадуктамі харчавання і салодкімі ласункамі. Бадзёры настрой прысутнай публіцы шчодра дарылі самадзейныя артысты мясцовага цэнтра культуры і адпачынку, Лужкаўскага СДК, а таксама госці з Шаркаўшчыны — удзельнікі ўзорнага тэатра эстраднай песні “Маленькая фея”.
Сяргей РАЙЧОНАК.