Менавіта ў такім рэжыме працуюць шаркаўшчынскія хлебаробы на сёлетнім жніве. З самага ранку, як толькі высахне раса, і да цямна на палетках сельгаспрадпрыемстваў шчыруюць камбайнеры на хлебнай ніве. Жніво-2022 набліжаецца да свайго завяршэння.
Як паведамлялася ў нашай газеце, сярод аграрыяў раёна (камбайнераў і вадзіцеляў) ёсць тыя, хто намалаціў або перавёз тысячу і больш тон зерня. Чарговыя “тысячнікі” з’явіліся ў ААТ “Агратэхсэрвіс”. Па стане на раніцу 23 жніўня Анатолій Грыгаровіч, які працуе на камбайне “Палессе” КЗС-1218, намалаціў тысячу тон зерня. Тысячны рубеж на адвозцы зерня ад камбайнаў у той жа дзень пераадолеў і вадзіцель грузавога аўтамабіля МАЗ-551 Мікалай Пяткевіч.
Дарэчы, хлебаробы з году ў год займаюць лідзіруючыя пазіцыі на жніве ў гаспадарцы. Сёлетняя ўборачная кампанія не стала для іх выключэннем.
Павіншаваць хлебаробаў з высокімі працоўнымі паказчыкамі ў поле прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Ламака, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская, дырэктар ААТ “Агратэхсэрвіс” Міхаіл Кавалёнак, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Яся Краснікава.
— Вялікі дзякуй вам за вашу шчырую працу, за сумленныя адносіны да сваіх абавязкаў, — сказаў, звяртаючыся да перадавікоў, кіраўнік раёна. — Вы прыклалі максімум намаганняў, каб правесці жніво хуткімі тэмпамі і без страт. Вы — прыклад для іншых аграрыяў!
Сяргей РАЙЧОНАК.