Раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху

Молодежь

каманда Германавіцкай СШ з агітацыйна-мастацкім прадстаўленнем

У красавіку на базе Іёдскай ДС-СШ прайшоў раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху. Яго ўдзельнікамі сталі вучні СШ № 1 і № 2, Лужкаўскай, Германавіцкай СШ, Іёдскай ДС-СШ. Мэта, якую ставілі перад сабой арганізатары мерапрыемства — аддзел адукацыі райвыканкама і аддзяленне ДАІ РАУС — грунтоўнае авалодванне вучнямі ведамі і навыкамі бяспечных паводзінаў дзяцей і падлеткаў пры знаходжанні на праезнай частцы.

Пачаткам злёту паслужыла ўрачыстае пастраенне каманд, узняцце дзяржаўнага сцяга. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся намеснік начальніка РАА К. Р. Міхнёнак і старшы інспектар аддзялення ДАІ РАУС В. А. Міласердаў, якія пажадалі ўсім умела праявіць свае навыкі ў тэарэтычных і практычных выпрабаваннях.

Конкурсная праграма пачалася з агітацыйна-мастацкага прадстаўлення, што спалучала ў сабе харэаграфію, вершаваную і песенную формы  прапаганды бяспекі дарожнага руху. Тут лепшым аказалася выступленне каманды СШ № 2. Пытанні па аказанні першай медыцынскай дапамогі пацярпелым пры ДТЗ — наступнае конкурснае выпрабаванне. Найбольшую колькасць правільных адказаў далі юныя інспектары СШ № 1.

пераадоленне паласы перашкод, элемент “змейка”

Адным са складанейшых этапаў праграмы стаў тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху — яго школьнікі здавалі на камп’ютары. Перамога засталася за гаспадарамі злёту-конкурсу — Іёдскай ДС-СШ. У форме хатняга задання прайшоў конкурс газет каманд-удзельніц, дзе кожная з іх раскрыла актуальнасць тэмы бяспекі дарожнага руху. Члены журы ў гэтым конкурсе аддалі перавагу афармленню і зместу газеты СШ № 2. Заключным выпрабаваннем стала пераадоленне на веласіпедзе паласы перашкод з дзесяці элементаў на шляху — “змейка”, “вароты”, “гайдаючаяся дошка” і г. д. Удзел у гэтым конкурсе прымалі не ўсе, а толькі тыя, хто найбольш грунтоўна рыхтаваўся да дадзенага этапа. У выніку лепшы час на паласе і ўмелае кіраванне веласіпедам паказаў удзельнік каманды СШ № 1 Дзмітрый Гінько.

Пры падвядзенні вынікаў злёту-конкурсу членамі журы на трэцюю прыступку п’едэстала ўзняліся вучні СШ № 1, другое месца заваявала каманда Іёдскай ДС-СШ. Пераможцамі сталі юныя інспектары дарожнага руху СШ № 2. Яны ж будуць абараняць гонар раёна на занальных абласных спаборніцтвах.

каманды-прызёры раённага злёту-конкурсу

Прыемны сюрпрыз чакаў удзельнікаў злёту на заканчэнні мерапрыемства. Супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС усім камандам прывезлі салодкія пачастункі — тарты і ліманад. Прызёры ж яшчэ атрымалі дыпломы, а пераможцы — новенькі веласіпед.

На такой прыемнай, вясёлай ноце завяршылася праграма раённага злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *