У раёне неўзабаве закончыцца ўборачная кампанія. Паскораным тэмпам жніва спрыяе сухое і сонечнае надвор’е, руплівая і старанная праца ўсіх, хто задзейнічаны ў гэтым вельмі важным аграрным працэсе.
З кожным днём павялічваюцца абмалочаныя плошчы, на якіх раслі зерневыя культуры, расце і колькасць тон сабранага ўраджаю. Павялічваецца колькасць перадавікоў-хлебаробаў, якія шчыруюць на жніве.
Свае “тысячнікі” з’явіліся і ў КУВСП імя Маркава. Тысячны рубеж па намалочаных тонах зерня пераадолеў адзін з вопытнейшых камбайнераў гаспадаркі Вітольд Замбжыцкі. Вітольд Іванавіч на жніве працуе 34-ы сезон. Абмалочваць збажыну ён пачынаў у маладосці на камбайне “Ніва СК-5”, потым быў “Дон-1500 Б”, “Палессе” КЗС-10, а цяпер ён умела кіруе камбайнам “Палессе” КЗС-1218. З году ў год, хоць камбайн ужо выпрацаваў свой тэхнічны рэсурс, Вітольд Іванавіч займае лідзіруючыя пазіцыі па намалочаных тонах зерня не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне.
Як звычайна, калі ў сельгаспрадпрыемствах пачынаецца жніво, на дапамогу вяскоўцам прыходзяць механізатары і вадзіцелі прадпрыемстваў і арганізацый гарадскога пасёлка. Вадзіцель грузавога аўтамабіля МАЗ-555 Уладзімір Багданаў камандзіраваны ў КУВСП імя Маркава з будаўнічай арганізацыі ПМК-68. Ён заняты на адвозе зерня ад камбайнаў. Хлебароб стаў першым сярод вадзіцеляў і механізатараў гаспадаркі, хто перавёз тысячу тон зерня, а ў раёне Уладзімір займае трэцяе месца.
Працоўныя поспехі не засталіся незаўважанымі з боку прафсаюзаў і кіраўніцтва гаспадаркі. Павіншаваць “тысячнікаў” з прафесійнымі дасягненнямі на хлебную ніву прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская, галоўны эканаміст КУВСП імя Маркава, старшыня пярвічкі раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Білюк і прадстаўнік прафкама КУВСП імя Маркава Валянціна Лазарэц. Яны выказалі словы шчырай удзячнасці перадавікам жніва, уручылі дыпломы, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.
Хутка шаркаўшчынскія хлебаробы закончаць уборачную кампанію і без прамаруджвання пачнуць закладаць аснову ўраджаю 2023 года.
Сяргей РАЙЧОНАК.