Анатолій Ліневіч азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі і развіццём жывёлагадоўчай галіны ў ААТ «Княж»

Главное Сельское хозяйство

30 жніўня наш раён з рабочым візітам наведаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатолій Канстанцінавіч Ліневіч. Пасля правядзення “прамой тэлефоннай лініі”, прыёму грамадзян і наведвання сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка Анатолій Канстанцінавіч накіраваўся ў адкрытае акцыянернае таварыства “Княж”, дзе азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі і развіццём жывёлагадоўчай галіны ў гаспадарцы.
У той дзень зернеўборачная тэхніка сельгаспрадпрыемства была сканцэнтравана ва ўрочышчы Мажынскі. Камбайнеры абмалочвалі 22-гектарнае поле, на якім рос авёс. Дарэчы, жніво ў ААТ “Княж” ідзе на апошніх гектарах. З запланаваных 1380 гектараў зерневых культур па стане на 30 жніўня было ўбрана 1135 гектараў або 82 працэнты ад запланаванага. У гаспадарцы маюцца і свае перадавікі. Так, звыш тысячы тон зерня намалаціў вопытны камбайнер Віктар Хаданёнак, да тысячнага рубяжа набліжаецца і малады камбайнер Віталій Якушаў, тон зерня ад камбайнаў перавёз малады механізатар Дзяніс Цярэшка, а аператар зернесушыльнага комплексу КЗСВ-30 Раман Валеўка з пачатку ўборачнай кампаніі прасушыў звыш трох тысяч тон зерня ўраджаю 2022 года.
У адной камандзе на жніве працуюць усе — ад кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі да камбайнераў, механізатараў і паляводаў. Сярэдняя ўраджайнасць тут трымаецца на высокім узроўні — не менш за 30 цэнтнераў з гектара.
Анатолій Канстанцінавіч Ліневіч і старшыня райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака павіншавалі камбайнера Віктара Хаданёнка з тысячым намалотам, уручылі яму памятныя падарункі, пажадалі і надалей быць у ліку лідараў.
— Віктар Хаданёнак — сумленны і адказны працаўнік, — падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Буда. — Яшчэ ў маладосці ён кіраваў зернеўборачным камбайнам “Ніва”, абмалочваў жытнёвае поле на “Донах”. Цяпер у гаспадарцы тэхніка айчыннай вытворчасці. Другі сезон Віктар Альгердавіч убірае збажыну на камбайне “Палессе” КЗС-1218. Калі заканчваецца жніво, мужчына перасаджваецца за руль трактара “Беларус” МТЗ-82, які гаспадарка атрымала на абласным свяце працаўнікоў сяла “Дажынкі-2020” у Віцебску.
Паралельна са жнівом у ААТ “Княж” ідзе падрыхтоўка глебы і сяўба азімых культур. З запланаваных 250 гектараў азімага рапсу пасеяна 252 гектары. Хутка пачнецца ўборка кукурузы, гэта павялічыць кармавую базу для буйной рагатай жывёлы на зімова-стойлавы перыяд.
Сяргей РАЙЧОНАК.