Пасяўная кампанія ў ААТ «Даватарскі»

Актуальное Сельское хозяйство

для перадавога механізатара Пятра Чарняўскага пачалася чарговая пасяўная

Ніколі не даецца лёгка сельскаму сейбіту вырасціць хлеб. Якія б захады людзі не рабілі, а надвор’е грае першую скрыпку. А сёлетняя вясна запомніцца надоўга — працяглая і мокрая.

Доўга чакалі таго часу, калі, нарэшце, можна выехаць у поле з тэхнікай і ў ААТ “Даватарскі”. Затое была магчымасць дасканала падрыхтаваць глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, назапасіць паліва, размеркаваць тэхніку паміж механізатарамі і вырашыць шэраг іншых праблем. На энерганасычаных трактарах праца будзе арганізавана ў дзве змены. А пакуль пасяўныя работы з-за вялікіх вымачак вядуцца выбарачна. І тыя, хто задзейнічаны на выкананні тых ці іншых работ, працуюць ад цямна да цямна.

Трапляем на поле ва ўрочышча Пятровічы, дзе пасля культывацыі, якую праводзіў Аляксандр Драбовіч, з дыскамі АД-600 працуе Яўген Максімаў:

— У шасць гадзін раніцы мы ўжо ў полі, — расказвае механізатар, які прыпыніў свой агрэгат на развароце гона. — Два разы на дзень прывозіць гарачае харчаванне на аўтамашыне Мікалай Сівіцкі.

на дыскаванні глебы Яўген Максімаў

Яўген прызнаўся, што ён родам з ААТ “Буеўшчына”, але пасля заканчэння Глыбоцкага прафесійна-тэхнічнага ліцэя, адпрацаваўшы па кантракту ў гарадскім ваенкамаце два гады вадзіцелем, вырашыў вярнуцца на малую радзіму. Атрымалася так, што прапанавалі новы трактар МТЗ-3022 толькі ў ААТ “Даватарскі”. Другі год працуе тут і вельмі задаволены адносінамі кіраўніцтва да маладых сем’яў. У знак удзячнасці стараўся працаваць ад душы. І ў мінулую пасяўную заняў першае месца сярод маладых сейбітаў гаспадаркі.

Пад’язджаем на наступнае поле, дзе за Пялікамі механізатар Пётр Чарняўскі на трактары МТЗ-1221 у счэпе з СУ-12 задзейнічан на падсеве сумесі шматгадовых траў па азімых зерневых культурах. За мінулыя суткі ён выканаў норму выпрацоўкі на 250 працэнтаў. Не здасць пазіцый і ў наступныя дні. Апаражніўся пасяўны агрэгат. Прыпыніў на ўскрайку поля трактар. Тут жа на аўтамашыне ЗІЛ-130 пад’ехаў Іван Сініца з мяшкамі, затаранымі насеннем траў. Пару хвілін на запраўку і Пётр Міхайлавіч зноў уключыўся ў работу.

Як бачна і па азімых ёсць шмат вымачак і давядзецца вопытнаму трактарысту потым іх дасяваць. Паўсюдна на палях працуе тэхніка. Воддаль ад дарогі “загладжваюцца” восеньскія недапрацоўкі. Вядзецца веснавое ворыва, якога ў гаспадарцы  133 гектары.

Далейшы наш маршрут у аддзяленне Паяначы. Атрымліваем тлумачэнне ад загадчыка аддзялення Міхаіла Марозава:

— Веснавая сяўба ў нас зойме 290 гектараў. Пакуль яшчэ сеяць гразкавата. Затое актыўна вядзём падкормку азімых збожжавых культур і шматгадовых траў.

Прыпыніліся мы на полі ў 80 гектараў, дзе вялася падкормка шматгадовых траў. Пад’ехалі для запраўкі азотнымі тукамі на трактарах МТЗ-82 у счэпе з МВУ-0,5 (так званымі лейкамі) механізатары Генадзій Шышковіч і Сяргей Цыунчык. Падвёз удабрэнне на трактары МТЗ-82 Алег Палягошка. Тут жа прама з прычэпа ПТС-4 у МВУ-0,5 пералапацілі вітаміны ўрадлівасці Пётр Казарын і Раман Татыржа.

Крыху далей у накірунку вёскі Амбросенкі шчыраваў Юрый Колас на высокапраходным агрэгаце “Раса”. Аператыўна дастаўляе яму мінеральную запраўку на аўтамашыне ЗІЛ-131 Андрэй Крывашонак і механічна запраўляе агрэгат (рацыяналізатарская вынаходства). За дзень Юрый выканаў норму выпрацоўкі на 297 працэнтаў.

запраўка трактараў мінеральнымі тукамі ў аддзяленні Паяначы

Найбольшай прадукцыйнасці працы па гаспадарцы ў гэты дзень дасягнулі (410 працэнтаў) Сяргей Лук’янскі на ўнясенні мінеральных удабрэнняў і Юрый Ардынскі на падвозцы тукаў. Варта сказаць, што дзень—два заставалася для завяршэння падкормкі азімых збожжавых, рапсу і шматгадовых траў.

Кожная гадзіна ўдзельнікаў пасяўной працуе на заробак. Механізатарам налічваецца аплата асноўнай дзённай нормы выпрацоўкі, яе перавыкананне, плаціцца за якасць работ, знос тэхнікі. Улічваецца стаж работы, класнасць. Работа ў выхадныя і святочныя дні аплачваецца ўдвая. Аб усім гэтым ведаюць удзельнікі пасяўной кампаніі, бо кожны дзень яны атрымліваюць з бухгалтэрыі адпаведныя бюлетэні.

Прыемна было даведацца, што пасля пэўнага перапынку, зноў заняў пасаду галоўнага агранома гаспадаркі Павел Паўлавіч Яфімаў. Хочацца пажадаць яму з яго вялікім вопытам работы, добрымі ведамі, яшчэ і моцнага здароўя, каб агульнымі намаганнямі даватарцы вырасцілі багатыя ўраджаі.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *