Першы раз у першы клас пойдзе 1 верасня шаркаўчанка Ева Апалька

Общество

Заўтра ва ўсіх навучальных установах раёна адбудуцца ўрачыстыя лінейкі, на якіх у цэнтры ўвагі будуць вучні і настаўнікі. Урачыстасць першага званка стала не проста традыцыйным святам, а сведчаннем глыбокай павагі грамадства да ведаў і навукі. Гэта знамянальны дзень, з якога пачынаецца дарога ў будучыню, у цікавае жыццё, напоўненае дзіўнымі адкрыццямі, радасцю пазнання і сапраўднай дружбы. Менавіта ў школе закладваюцца першыя навыкі вучобы, фарміруецца адукаваная і культурная асоба, выхоўваецца грамадзянін.
Ва ўсіх школах краіны ў гэты дзень пройдзе агульны для ўсіх урок “У гістарычнай памяці сіла і адзінства беларускага народа”, прысвечаны Году гістарычнай памяці.
З пачаткам новага навучальнага года педагогаў і дзяцей (сёлета ва ўсіх навучальных установах раёна налічваецца 1208 вучняў) прыйдуць павіншаваць прадстаўнікі райвыканкама, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, бацькі.
Асаблівая ўвага ў Дзень ведаў будзе нададзена першакласнікам, для якіх з гэтага дня расчыняюцца дзверы ў школьнае жыццё. Дарэчы, іх у нашым раёне сёлета 114.
Для 64 адзінацаццікласнікаў новы навучальны год стане апошнім у сценах родных школ, ім неабходна прыкласці шмат намаганняў, каб паспяхова закончыць навучанне і вызначыцца з выбарам прафесіі.
Сваю працоўную дзейнасць на ніве адукацыі ў гэтым годзе пачнуць 3 маладыя спецыялісты.
Для сям’і Апалька з гарпасёлка сёлетні год адметны — іх дачушка Ева пойдзе ў першы клас. Каб вучаніца мела ўсё неабходнае для будучых заняткаў, бацькі падрыхтаваліся загадзя: набылі школьныя прылады, канцтавары, школьны ранец. Таксама падабралі прыгожае адзенне, абутак. За яго прымеркай карэспандэнт раённай газеты і заспела будучую першакласніцу.
Ад усёй душы жадаем вучням і навучэнцам поспехаў у вучобе, расці фізічна дужымі і здаровымі, рэалізаваць свае таленты і стаць сапраўднымі патрыётамі роднай Беларусі. Са святам! У добры шлях у краіну ведаў!
Алена АНАНІЧ.