— Як лётчык не можа пражыць без блакітнага неба, так я не ўяўляю ніводнага дня без руля аўтамабіля, — кажа машыніст аўтакрана ДРБУ-131 Мікалай Васільевіч Клопаў. — Любоў да тэхнікі мне прывіў бацька Васіль Мікалаевіч, працаваў ён вадзіцелем у ДБУ-26 на старэнькім ГАЗ-51. Так і я, адслужыўшы ў арміі, уладкаваўся ў гэту арганізацыю вадзіцелем бензавоза. А з 2006 года працую машыністам аўтакрана ў ДРБУ-131.
Па ўсім бачна, што прафесіяй сваёй Мікалай Васільевіч ганарыцца і паважае яе. З лагоднай усмешкай, нягледзячы на працоўную занятасць, ахвотна з намі пагутарыў не толькі аб справах, а і аб асабістым жыцці. У чалавека любая праца будзе спорыцца, калі дома яго чакае надзейны тыл — клопат, пяшчота і ласка другой паловы. Усе гэтыя якасці Мікалай Васільевіч смела аднёс у адрас сваёй жонкі Жанны Яўгеньеўны, з якой, дарэчы, у ліпені яны адзначаць сярэбранае вяселле.
— Гэта не проста работнік са званнем “Чалавек года Шаркаўшчыны”, — кажа начальнік арганізацыі В. В. Гарбузаў пра Мікалая Васільевіча, — гэта аўтарытэт для маладых нашых працаўнікоў, прыкладны сем’янін, надзейны сябра і памочнік у любой справе.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
