Пасяўная кампанія ў КУВСП імя Маркава

Сельское хозяйство

малады механізатар Сяргей Рубніковіч

Сёлетняя такая непрадказальная вясна прыспешвае хлебароба. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб як мага хутчэй загарнуць насенне ў глебу. Для гэтага на энерганасычаных трактарах работу неабходна арганізаваць у дзве змены, прычым не толькі падрыхтоўка глебы, а і сяўба павінны праводзіцца і ў начны час. Інакш практычна немагчыма будзе паспець зрабіць гэта ў аптымальныя тэрміны, а значыць, не дачакаемся добрага ўраджаю.

удзельнікі пасяўной Канстанцін Руткоўскі і Юрый Хаданёнак

Хутка падсыхае глеба. Дзе суцэльна, дзе выбарачна, мінаючы вымачкі і нізкія месцы, трэба весці палявыя работы.

Да прыкладу, у КУВСП імя Маркава каля вёскі Палялейкі на полі ў 20 гектараў адначасова праводзіўся комплекс работ. Пасля ўнясення арганікі ў глебу, Канстанцін Руткоўскі на трактары МТЗ-3022 з абаротнымі плугамі АПП-6А праводзіць узорванне глебы. Дарэчы, сёлета ён займаўся на курсах у цэнтры па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі механізатараў пры райсельгасхарчы. Хлопец ўпершыню сеў за руль магутнага трактара па ўзорванню глебы. Праўда, у механізатарскай справе ён не навічок, іншы від работ на менш магутных трактарах выконваў. Следам Юрый Хаданёнак вядзе культывацыю глебы. Найбольш адказны ўчастак работы ў Сяргея Рубніковіча. Ён задзейнічан на сяўбе ячменю.

Пару хвілін знаходзіцца, каб пагутарыць з героямі пасяўной. Высветлілася, што трэці дзень (2 мая), як працуе тэхніка ў полі. Толькі вось бюлетэней працоўнага спаборніцтва на руках у механізатараў не было. Таму пра заробкі свае могуць даведацца толькі ў канцы дня ў дыспетчарскай. Кормяць удзельнікаў пасяўной, як звычайна, два разы на дзень а вось падвячорка не ўсім хапае і тыя, хто працуе да пазна, “тармазкі” бяруць з дому.

Выдалі механізатарам спецвопратку, сродкі аховы пры рабоце з пратручаным насеннем, аднак не ўсе імі карыстаюцца.

Якасць работ на гэтым участку была, можна сказаць, не зусім добрай. А ўсё таму, што на ўскрайку поля гной складзіравалі не па тэхналогіі, цяпер тэхніцы не пад’ехаць, каб узараць да канца поле, бо даводзіцца аб’язджаць месца буртавання. Не зразумела, навошта было самім сабе ствараць праблемы падчас вывазкі арганікі?

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *