
У сельгаспрадпрыемствах не спыняюцца работы на палетках. Адразу пасля заканчэння жніва аграрыі прыступілі да ўборкі кукурузы на сілас.
У ААТ “Агратэхсэрвіс” “царыцу палёў” трэба ўбраць з плошчы 654 гектары. Улічваючы той факт, што корманарыхтоўчы агрэгат КВК-800 у гаспадарцы адзін, працэс уборкі зойме некалькі дзён.
На момант наведвання сельгаспрадпрыемства корманарыхтоўчая тэхніка працавала каля вёскі Ручай. Адвозам зялёнай масы ў сіласную траншэю з поля ад агрэгата КВК-800, на якім працуе механізатар Міхаіл Шук, займаліся Віктар Баранчукоў, Алег Рабіза і Максім Магалінскі.
— Адлегласць ад поля да траншэі зусім невялікая, таму на адвозе працуюць толькі тры адзінкі тэхнікі, — тлумачыць дырэктар гаспадаркі Міхаіл Кавалёнак. — Цяпер галоўнае, каб не падводзіла надвор’е. На мінулым тыдні ў начныя часы былі замаразкі, а гэта вельмі негатыўна ўплывае на якасць кукурузы, якая пойдзе на корм буйной рагатай жывёле. Вось менавіта таму і выкарыстоўваем працоўны час рацыянальна, каб у тэрмін ўбраць кукурузу з палёў і не дапусціць страт.
Па стане на 12 верасня ў ААТ “Агратэхсэрвіс” убрана 213 гектараў кукурузы, што складае 32,6 працэнта да задання. Сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы складае крыху больш за 200 цэнтнераў з гектара. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 19,6 цэнтнераў кармавых адзінак. Корманарыхтоўчыя работы ў гаспадарцы працягваюцца.
Сяргей РАЙЧОНАК.
