Творчасць Людмілы Ардынскай знаёма многім шаркаўчанам. Свае вершы, аповесці, апавяданні яна прысвячае землякам. Жанчына піша многа дзіцячых твораў, якія з задавальненнем чытаюць хлопчыкі і дзяўчынкі.
Нядаўна ў чытальнай зале раённай бібліятэкі Людміла Ардынская сустрэлася з вучнямі СШ № 2 гарадскога пасёлка імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына.
Ад бацькоўскага парога пайшла Людміла ў вялікае жыццё, якое рыхтавала ёй не толькі, выпрабаванні, але і радасці. У час навучання ў школе захапілася паэзіяй, пачала пісаць першыя вершы, прысвяціла шмат твораў сваёй роднай Глыбоччыне.
— Успаміны бацькі і маці — гэта мая спадчына, — кажа Людміла Іосіфаўна. — Я раней часта прыязджала на Полаччнну, на радзіму сваіх бацькоў. Сама некаторы час там жыла, друкавалася ў раённай газеце. Але большая частка майго жыцця прайшла ў Шаркаўшчынскім раёне, які для мяне стаў другой радзімай.
Тут Людміла Ардынская пасябравала з творчымі людзьмі, стала ўдзельніцай народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Яе вершы пакладзены на музыку. Гэтыя песні выконваюць на творчых вечарах, раённых мерапрыемствах. Яны ўвайшлі ў рэпертуар аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць”, асобных выканаўцаў — работнікаў устаноў культуры раёна.
Маё сяло, у ім мне жыць,
Дзе родны дом і дзе павольна
Рака Бярозаўка бяжыць,
Шуміць калоссем спелым поле.
У аграгарадку Радзюкі на працягу многіх год ствараюцца вершы, набірае сілу паэтычнае слова. Людмілу Іосіфаўну цікавіць гістарычнае мінулае Радзюкоў. Са сваімі краязнаўчымі артыкуламі яна друкуецца ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Яе творчасць не абмяжоўваецца толькі вершамі. Ёсць балады, паэмы, казкі, паданні. Апавяданні для дзяцей і дарослых — спроба пяра ў празаічным жанры. І гэта таксама ў Людмілы Іосіфаўны атрымліваецца.
Яшчэ шмат задумак у паэтэсы, шмат мар, якія яна хоча ажыццявіць. Спадзяёмся, што ўсё задуманае ў яе атрымаецца і шаркаўчане прачытаюць новыя творы Людмілы Ардынскай.
Сяргей РАЙЧОНАК.