У гаспадарках раёна вядзецца сяўба азімых зерневых. Вялікі аб’ём работ у механізатараў ААТ «Агратэхсэрвіс»

Главное Сельское хозяйство

механізатары (злева направа) Валерый Фёдараў, Сяргей Балай, Сяргей Кабак і Іван Сямёнаў

Восень — пагод восем. Гэта народная прымаўка з’яўляецца актуальнай для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. У жніўні і верасні аграрыям трэба спяшацца ўбраць збажыну, завяршыць корманарыхтоўчыя работы, рыхтаваць глебу і сеяць азімыя культуры.
Клапоцяцца пра будучы ўраджай і ў ААТ “Агратэхсэрвіс”. Сёлета тут запланавана пасеяць 1900 гектараў азімых зерневых. Лічба даволі значная. Каб выканаць запланаванае, механізатары працуюць у полі ад світання і да змяркання.
У адзін з вераснёўскіх дзён мы наведалі гаспадарку. Каля вёскі Рабізы на самой мяжы з Глыбоцкім раёнам працавала энерганасычаная тэхніка. Падрыхтоўкай глебы на трактары “Кіравец” К-700 у счэпе з дыскатарам займаўся механізатар Сяргей Кабак. Разам з ім на трактары “Беларус” МТЗ-3022 таксама з дыскатарам шчыраваў Сяргей Балай. Следам за імі рухаўся з культыватарам “Кёрлінг” на “Кіраўцы” К-744 Іван Сямёнаў. Крыху воддаль насенне трыцікале загортваў у зямлю механізатар Валерый Фёдараў. У вялізных клубах пылу, якія ўзнімаліся з-пад глебаапрацоўчых агрэгатаў, “Кіравец” К-744 Валерыя быў ледзьве бачны.
— Неабсяжныя абшары работы, — так сказаў дырэктар гаспадаркі Міхаіл Кавалёнак. Сапраўды, ААТ “Агратэхсэрвіс” — адно з найбуйнейшых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Каб трымацца на плаве ў цяперашні складаны эканамічны час, трэба своечасова і сеяць, і ўбіраць.
— Толькі дзякуючы сумленню, працавітасці і адказнасці нашых работнікаў, а ў дадзеным выпадку нашых механізатараў, мы разам клапоцімся пра дабрабыт гаспадаркі і яе стабільнасць, — працягвае Міхаіл Барысавіч. — Вось, напрыклад, трактарыст Валерый Фёдараў. Гэты малады мужчына ўжо даўно з тэхнікай на “ты”. Выдатна спраўляецца з даручанымі справамі. На трактары ў счэпе з 12-метровай сеялкай “Амазон” вясной і восенню засявае тысячы гектараў, дапамагае іншым гаспадаркам раёна. А трактарыст Сяргей Кабак, увогуле, пенсіянер, але ж не кідае любімую справу, працуе на сваім “Кіраўцы” К-700, якому ўжо амаль 40 год. І гэта можна сказаць пра кожнага механізатара.
Так, у гэтай гаспадарцы кожны дбае пра будучы ўраджай, пра заўтрашні дзень. У гэтым мы ўласна ўпэўніліся, назіраючы за працай вясковых рупліўцаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.