Пасяўная кампанія ў ААТ “Агратэхсэрвіс”

Сельское хозяйство

механізатары Аляксандр Малкоў, Аляксандр Грыгаровіч, Уладзімір Катовіч, памочнік повара Анжэла Жменчуроўская і намеснік дырэктара Сяргей Чапроўскі

Вялікі аб’ём работ трэба зрабіць гэтай вясной хлебаробам ААТ “Агратэхсэрвіс”. Веснавую сяўбу неабходна правесці на плошчы 3833 гектары, з іх толькі зерневых пасеяць — 2520. Да таго ж, яшчэ — веснавое ўзорванне глебы.Каб справіцца з пастаўленай задачай, у суткі трэба засяваць па 350 гектараў сельгаскультур. Значыць, тэмпы работы не павінны спадаць ні на хвіліну.

Як ідуць справы ў гаспадарцы даведаліся, калі аб’ездзілі з намеснікам дырэктара Сяргеем Чапроўскім палі, дзе было сканцэнтравана найбольш тэхнікі. Папрысутнічалі на ўрачыстасці, калі прама ў полі пераможцам працоўнага спаборніцтва ўручаліся пераходныя чырвоныя вымпелы. Дарэчы,такія вынікі падводзяцца па відах работ кожны тыдзень.

Знаходзімся на полі за вёскай Якубова, дзе рыхтуецца глеба пад сяўбу ячменю. Уносяцца мінеральныя тукі, а следам на трактарах МТЗ-1221 у счэпе з культыватарамі КЧ-4,5 працуюць механізатары Аляксандр Малкоў, Аляксандр Грыгаровіч і Уладзімір Катовіч. Тут жа пад’ехаў абсталяваны аўтобус з абедамі. Хутка і акуратна гаспадыні “паходнай кухні” раздавалі абеды — загадчыца сталовай Святлана Даргель і яе памочніца Анжэла Жменчуроўская. Нагатавала смачныя стравы повар Алена Карман, а развозяць іх па палях гаспадаркі шафёры Васілій Баранчукоў і Генадзій Гарбачонак. Да 40 абедаў даводзіцца дастаўляць два разы на дзень.

За абедам сябры павіншавалі з працоўнай перамогай Аляксандра Грыгаровіча, а Сяргей Чапроўскі ўручыў яму пераходны вымпел і грашовую прэмію.

Шырокія палі ў гаспадарцы, вялікая іх контурнасць. Там, дзе было ўзнята зябліва, пабялелі грабяні глебы — суха, можна сеяць.

Віктар Баранчукоў — пераможца спаборніцтва

А вось каля вёскі Гуркі даводзіцца ўключацца ў работу аратым. На трактарах МТЗ-3022 з плугамі АПП-6 пераварочваюць пласты сырой глебы Віктар Баранчукоў, Валерый Хаданёнак і Васілій Мацяс. Сярод іх пераможцай стаў малады механізатар Віктар Баранчукоў.

Набірае тэмпы сяўба ў гаспадарцы. Звыклая гэта справа для механізатараў, не трацяць яны аптымізму, што закладуць трывалую аснову будучаму ўраджаю.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *