
Як бы навёрствае сваё адставанне вясна — усталяваліся цёплыя, сухія дні, хутка стала падсыхаць глеба. Імкнуцца не ўпусціць спрыяльнае надвор’е і хлебаробы нашага раёна. Паўсюдна паскоранымі тэмпамі вядзецца пасяўная кампанія. Механізатары працуюць кожны дзень ад цямна да цямна, нягледзячы на святы і выхадныя. Дарэчы, ў такія дні ім налічваецца двайная аплата. Сапраўды, настаў такі перыяд у паўсядзённай працы механізатараў, калі, пры старанні і захоўванні ўсіх патрабаванняў тэхналогіі, за сезон яны могуць зарабіць нядрэнныя грошы. У гэтым пераканаліся на справе. Прыязджаем з намеснікам дырэктара па ідэалагіянай рабоце КУВСП “Гарадзец” Н. В. Катушонак на поле, дзе шчыруе на агрэгаце “Раса” перадавік вытворчасці Аляксандр Саўчанка. Ён завяршаў падкормку пашы вітамінамі ўрадлівасці і меў намер пераехаць на ўчастак азімага рапсу. На аўтамашыне падвозіў КАС для запраўкі Анатолій Ермаловіч. Аляксандр прызнаўся, што за святочны дзень 1 мая зарабіў 700 тысяч рублёў. Хлопец імкнецца не здаваць набранага тэмпу работ і надалей, у дзень падкармлівае да 150—170 гектараў пасеваў.

На падрыхтоўцы глебы сярод сваіх калег па працы лідарства трымае Дзмітрый Шапавалаў. Трэба сказаць, што ў свой час ён закончыў Клецкі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці тэхнік-меліяратар. Толькі працаваць па спецыяльнасці не давялося, адразу пайшоў на трактар. Ды і не магло быць іначай, бо яго бацька Аляксандр Іосіфавіч аж да пенсіі працаваў у гаспадарцы механізатарам. Дмітрый, у асноўным заняты, культывацыяй глебы. На трактары МТЗ-1221 у счэпе з АК-7,2 у дзень рыхтуе глебу да сяўбы на плошчы да 60 гектараў.
Наталля Віктараўна ўручыла маладому механізатару чырвоны вымпел і каштоўны падарунак. Хлопец тут жа дастаў з кабіны трактара і пахваліўся нам чырвоным вымпелам, які атрымаў на раённым конкурсе маладых аратых.
Ва ўрочышчы Фрэгат уносіў мінеральныя тукі на трактары МТЗ-82 з раскідальнікам РДУ-1,5 пераможца спаборніцтва па выніках за тыдзень Сцяпан Малчун. Пасля завяршэння гэтага віду работ, ён будзе задзейнічан на сяўбе кукурузы. У звяно да С. Малчуна прыйшоў Пётр Бягун, які працуе на ферме, а ў час пасяўной — у полі. Побач з імі ў звяне Юрый Катушонак і Сяргей Протас. На падвозцы мінеральных тукаў задзейнічан Алег Драгун.
Ва ўрочышчы Дворнава сяўбу зернебабовых культур у сумесі з травамі праводзіў Яўген Агрызка. Раней уся хімпраполка была на яго рахунку. Сёлета ўпершыню яму даручылі не менш адказную работу. Затым будзе сеяць пратручаным насеннем зерневыя культуры, у прыватнасці, ячмень.
Трэба сказаць, што Наталля Віктараўна ўсім пераможцам спаборніцтва ўручыла пераходныя вымпелы, каштоўныя падарункі і нацэліла на далейшыя поспехі.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.