Ход пасяўной кампаніі ў ААТ «Юдыцына» і КУВСП імя Маркава

Сельское хозяйство

галоўны аграном ААТ “Юдыцына” Андрэй Чарнаус

Стаіць цудоўная пара. Уся прырода ажыла. Прайшоў першы веснавы дожджык з навальніцай. Хутка зазелянеюць першыя пасевы. Гэта ў тых гаспадарках, дзе паспелі загарнуць насенне ў цёплую, пульхную глебу ў аптымальныя тэрміны. Аднымі з першых пасеялі зерневыя культуры хлебаробы ААТ “Жвіранка” (газета аб гэтым паведамляла). Следам за імі справілася з пастаўленай задачай ААТ “Ельня-Агра”. Не адсталі ад лідараў земляробы ААТ “Даватарскі”, “Княж” і “Васюкі”.

Як ужо заўважана, тэмпы і якасць работ у першую чаргу залежаць ад правільнай растаноўкі кадраў, дакладнай арганізацыі працы. А ў гэтым галоўную ролю адыгрывае тэхнолаг палёў.

Дастаткова было крыху паслабіць свае дзеянні галоўнаму аграному КУВСП імя Маркава, як сталі парушацца тэхналагічныя патрабаванні. Прыязджаем у гаспадарку з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людмілай Уладзіміраўнай Стомай. Ужо ад пачатку стала зразумелым, што арганізацыя працы тут не на належным узроўні. Павіншаваць пераможцаў спаборніцтва старшыня прафкама, яна ж эканаміст Алена Мілецьеўна Білюк адмовілася, спасылаючыся на занятасць. Яе місію выконваў дырэктар гаспадаркі Леанід Іванавіч Зубовіч. Механізатары імкнуцца як мага хутчэй завяршыць пасяўную кампанію і ім павінна быць удзелена адпаведная ўвага. За вёскай Палялейкі сустракаемся з сеяльшчыкам Сяргеем Рубніковічам, пра якога мы ўжо пісалі ў пачатку пасяўной. Ён стаў пераможцай працоўнага спаборніцтва сярод маладых механізатараў сельгаспрадпрыемства. Дырэктар гаспадаркі ўручыў Сяргею пераходны вымпел і грашовую прэмію. Едзем да наступнага поля, дзе працуе перадавы механізатар Іван Рамуальдавіч Странчэўскі. Ён задзейнічаны на перасеве азімага рапсу. Поле роўнае, добра апрацаванае, таму без вялікіх намаганняў за працоўны дзень механізатар на трактары МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6 засявае да 30—40 гектараў. Для Івана Рамуальдавіча гэта шостая пасяўная, да гэтага ён 20 гадоў адпрацаваў на “Кіраўцы”. З вялікай адказнасцю механізатар ставіцца да любой працы, якую выконвае, таму пастаянна выходзіць у лідары працоўнага спаборніцтва.

Працягваецца ў гаспадарцы сяўба і іншых сельгаскультур, толькі вялікай напружанасці на палях не заўважылі. Вось тут і, як кажуць, промах галоўнага агранома.

сеяльшчык КУВСП імя Маркава І. Р. Странчэўскі

Гэта пацвердзіла і намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству Ірына Генадзьеўна Міхалёнак. Арганізацыя працы ў гаспадарцы не на належным узроўні. Шмат парушэнняў тэхналогіі сяўбы, а гэта, у першую чаргу, дрэннае заворванне краёў на палях, аб’язджаюцца бурты з гноем, а значыць арганіка не заворваецца ў глебу. Якая ж ад яе будзе карысць, калі праляжыць у бурце!

У той жа дзень наведваемся ў ААТ “Юдыцына”. Паміж рэчкай і лесам поле ў 95 гектараў. Участак адведзены пад ячмень. Быў абедзенны перапынак, і механізатары на хвіліну затрымаліся на ўскрайку поля. Сярод іх два перадавікі спаборніцтва — сеяльшчык Уладзімір Ермашкевіч і механізатар па ўнясенню мінеральных тукаў у глебу Мікалай Цішаловіч. Ім, у адпаведнасці з умовамі працоўнага спаборніцтва, старшыня прафкама, яна ж галоўны эканаміст гаспадаркі Ала Міхайлаўна Латышонак уручыла чырвоныя вымпелы і канверты з грашовымі прэміямі. Прама ў полі сеяльшчыкі задавалі пытанні эканамісту, якія тычыліся аплаты працы.

перадавікі працоўнага спаборніцтва ААТ “Юдыцына” Уладзімір Ермашкевіч і Мікалай Цішаловіч

Тут жа на матацыкле пад’ехаў да механізатараў малады  аграном Андрэй Чарнаус. Трэба сказаць, што для Андрэя Іванавіча гэта першая пасяўная кампанія. А прыехаў ён у наш раён і непасрэдна ў ААТ “Юдыцына” з Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Там жа хлопец прайшоў працоўную практыку. Пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа месяц папрацаваў аграномам у адной з гаспадарак Лідскага раёна. Палічыў, што выбраў для сябе правільную прафесію і павышаў узровень ведаў у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

Андрэй расказаў, якія задачы стаяць перад тутэйшымі сейбітамі. Зерневая група ў гаспадарцы склала 760 гектараў. Яшчэ будзе пасеяна 128 — кукурузы, 110 — яравога рапсу, падсяваюцца травы па азімых зерневых. Задаволены тэхнолаг палёў, што на ўсіх 100 гектарах добра перазімаваў рапс, нядрэнны выгляд маюць азімыя зерневыя на плошчы 502 гектары.

Складана вядзецца пасяўная ў гаспадарцы, бо калі наш раён знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства, то ААТ “Юдыцына” — празмерна рызыкоўнага. Але ж тутэйшыя сейбіты, разам з галоўным аграномам, стараюцца спраўляцца са сваімі задачамі. Як паведаміла Ірына Генадзьеўна, на наступны пасля нашага наведвання дзень пры адсутнасці механізатара самому Андрэю Іванавічу давялося сесці на трактар і апрацоўваць глебу. Вось такі першы экзамен прымала поле ў тэхнолага палёў.

Пасля даволі працяглага адпачынку галоўны аграном ААТ “Даватарскі” Павел Паўлавіч Яфімаў навёрствае ўпушчанае. “Даватарская зямля павінна даць добрую аддачу”, — упэўнены ён і імкнецца сваім вопытам і стараннем даказаць гэта.

На заключным этапе работ сейбіты ААТ “Ельня-Агра”. Загорнуты ў глебу яравыя зерневыя культуры. Вызначыліся на выкананні рознага віду работ механізатары Аляксей Малыш, Віталій Конан, Васілій Красоўскі, Іван Шышковіч, Яўген Шчукін, Аляксандр Рубніковіч.

Працавітым садзейнічае і надвор’е.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *