Народнаму клубу нацыянальнай кухні “Груца” з Радзюкоў — 25 год

Главное Культура

Шаркаўшчынскі раён, як і іншыя рэгіёны Беларусі, славіцца сваімі знакамітымі людзьмі, помнікамі гісторыі, культуры, археалогіі. Не выключэннем сярод населеных пунктаў прыдзісненскага краю з’яўляецца і аграгарадок Радзюкі.
Адметны ён не толькі сваімі працавітымі жыхарамі, хараством прыроды, але і знакамітым аматарскім аб’яднаннем — народным клубам нацыянальнай кухні “Груца”, якія зусім нядаўна адзначыў 25-годдзе з моманту свайго стварэння.
Без перабольшвання можна сказаць, што радзюкоўскі калектыў ужо даўно стаў візітнай карткай усяго Шаркаўшчынскага раёна. На юбілейны дзень нараджэння клуба прыйшлі шматлікія вяскоўцы, госці з райцэнтра, з навакольных вёсак і тыя, хто стаяў каля вытокаў стварэння аматарскага аб’яднання.
З віншавальным словам звярнулася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч. У сваім выступленні Іна Мар’янаўна прыгадала той час, калі пачаў сваю творчую працу калектыў, хто быў сярод яго першых удзельнікаў. Дарэчы, Іна Мар’янаўна ў той час сама з’яўлялася адной з заснавальніц гэтага клуба, бо сама працавала ў мясцовым СДК. А які ж юбілей без падарункаў? Па даручэнні старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Шпяца Іна Шынкевіч ва ўрачыстай атмасферы і пад гучныя апладысменты прысутнай публікі ўручыла Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў народнаму калектыву за добрасумленную працу, значны ўклад у забеспячэнне падрыхтоўкі і правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, за захаванне і развіццё фальклорных традыцый, папулярызацыю беларускай нацыянальнай кухні.
На мерапрыемства з нагоды юбілею “Груцы” з падарункамі завітаў старшыня Радзюкоўскага сельвыканкама Аляксандр Цітовіч. Жаданым госцем стала і былы дырэктар раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама Ларыса Якубёнак. Ларыса Уладзіміраўна ў свой час прыклала вельмі шмат намаганняў для стварэння і папулярызацыі дзейнасці аб’яднання. У многім дзякуючы ёй, у 2003 годзе клуб “Груца” атрымаў найменне “народны”. Свае віншаванні землякам адрасавала і дырэктар раённага Цэнтра культуры Таццяна Фёдараўна Лаздоўская.
Усе разам успомнілі імя Ларысы Іванаўны Шпак, якая са сваёй дачкой Людмілай Афінагееўнай Лазовік былі асноўнымі стваральніцамі сённяшняй “Груцы”. Шмат год калектыў узначальвала Альдона Генрыхаўна Папко. У свой час кіравалі “Груцай” Алена Віктараўна Маісеева, Таццяна Фёдараўна Лаздоўская, Ганна Мікалаеўна Іванкіў. А з нядаўняга часу народны клуб узначальвае Эма Эдвардаўна Хрол.
У межах юбілею прайшло і другое па ліку раённае свята пад назвай “І ў клёцак ёсць душа”. Яго правядзенне — аўтарская задумка ўдзельнікаў “Груцы”.
— Мы не павінны спыняцца ў сваім творчым развіцці, трэба знаходзіць новыя формы і метады работы, крочыць у нагу з часам, — тлумачыць кіраўнік калектыву Эма Хрол. — Тэма кулінарыі, адраджэння і развіцця старадаўняй беларускай кухні — цяпер надзвычай запатрабаваная ў грамадстве. А беларускі брэнд “бульба” і стравы з яе ніколі не страцяць сваёй актуальнасці.
Планамі і задумкамі на будучае жывуць удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання. Пажадаем жа ім, каб ніколі не згас іх творчы запал, каб справа, пачатая чвэрць стагоддзя назад, працягвалася, перадавалася з пакалення ў пакаленне.
Сяргей РАЙЧОНАК.