Чалавек года Шаркаўшчыны: трактарыст-машыніст ААТ «Даватарскі»

Сельское хозяйство

У выніку спецыфікі сельскай працы і стану жыцця, пры значнай падтрымцы маладых працаўнікоў, замацаванасць іх на сяле застаецца нізкай. Але той, хто змалку бачыў, як працавалі бацькі на зямлі, як іх за стараннасць і добрыя вынікі работы паважалі, застаўся жыць і працаваць у сельскай гаспадарцы. Да кагорты такіх адносіцца і трактарыст-машыніст ААТ “Даватарскі” Дзмітрый Арсаноф’евіч Ліпскі.

У сельгаспрадпрыемстве працаваў бацька механізатарам, на змену яму прыйшлі сыны — Дзмітрый і Мікалай.

— Праца мне падабаецца, ды і прывык ужо, — прызнаўся пры размове Дзмітрый Ліпскі. — Асабліва цяпер, калі паступае ў гаспадарку новая, энерганасычаная тэхніка, хочацца пазнаць яе тонкасці.

Працуе ён на трактары МТЗ-3022. Выконвае розныя сельскагаспадарчыя, уборачныя, пагрузачна-разгрузачныя работы, праводзіць асноўную і перадпасяўную апрацоўку глебы, сяўбу ў складзе шыроказахопных і камбінаваных агрэгатаў. Цяпер ён у асноўным задзейнічаны на культывацыі глебы.

А пачынаў Дзмітрый сваю працоўную дзейнасць з памочніка камбайнера на камбайне “Ліда-1300”. Першыя ўрокі майстэрства атрымліваў ад знакамітага тады камбайнера Паўла Мядзюхі. Затым была служба ў арміі. Вярнуўся ў родную гаспадарку, механізатару далі трактар К-744 і стаў працаваць самастойна. Паступова праяўляў свае працоўныя здольнасці, цягу да тэхнікі, старанне і стаў вылучацца сярод механізатараў сельгаспрадпрыемства, як перадавік вытворчасці.

У Ліпскіх добры дом у вёсцы Сасноўцы, які выдзеліла гаспадарка. Жонка Анастасія працуе прадаўцом у магазіне. Сыну Арцёму тры годзікі.

Малады механізатар праяўляе актыўнасць пры правядзенні розных мерапрыемстваў і конкурсаў. Д. А. Ліпскі тры гады запар з’яўляўся пераможцай раённага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых механізатараў раёна. У 2010 годзе стаў сярэбраным прызёрам, а ў 2011 — абсалютным пераможцай у асабістым і камандным першынстве абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых механізатараў. На машынна-трактарным агрэгаце МТЗ-3022 з абаротнымі плугамі ППО-8-40 Дзмітрый Ліпскі так узараў глебу, што камісія ставіла яго работу ў прыклад не толькі перад удзельнікамі конкурсу, а ўсімі прысутнымі, у тым ліку і навучэнцамі аршанскага механіка-тэхналагічнага ліцэя, дзе праходзіў гэты конкурс.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *