Раённая бібліятэка далучылася да тыдня бацькоўскай любові, які праходзіць у нашай краіне з 14 па 21 кастрычніка. Бібліятэкар установы культуры Раіса Гракава на пастаяннай аснове супрацоўнічае з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яна ў чарговы раз правяла для наведвальнікаў аддзялення мерапрыемства.
— Удзельнікамі гурткоў аддзялення з’яўляюцца падлеткі і дарослыя людзі з пэўнымі асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — тлумачыць загадчыца аддзялення Таццяна Клімза. — Нашы работнікі знаходзяць да кожнага індывідуальны падыход, рыхтуюць разнастайныя мерапрыемствы, у якіх гурткоўцы ўдзельнічаюць з вялікай ахвотай. Асабліва прыемна, што на працягу немалога перыяду мы цесна супрацоўнічаем з раённай бібліятэкай. Напрыклад, Раіса Мікалаеўна Гракава некалькі разоў у месяц прыходзіць да нас і ладзіць забаўляльныя, пазнавальныя мерапрыемствы, віктарыны і конкурсы, выставы і інш.
— Сённяшняе наша сумеснае мерапрыемства называецца “Увесь свет пачынаецца з маці” і прысвячаецца нашым любімым матулям, — кажа бібліятэкар. — Лічу, што абавязкова трэба данесці да кожнага з прысутных, наколькі важнае месца ў лёсе чалавека займае маці, як трэба любіць, цаніць і шанаваць тых, хто даў нам жыццё, выхаваў. Гледачы не проста назіралі і ўважліва слухалі падчас мерапрыемства, але і самі з вялікай ахвотай удзельнічалі ў конкурсах, давалі трапныя адказы на загадкі. Адным словам, усе мы весела правялі гэты час.
Сяргей РАЙЧОНАК.




