Аляксандр Лапацкі і яго дзве любімыя дачушкі — Карына і Уладзіслава

Главное Общество

У Беларусі сёлета маштабна адзначаюць дзве важныя даты — Дзень маці і Дзень бацькі. Першая супадае з Пакровам Найсвяцейшай Багародзіцы — яго святкуюць 14 кастрычніка. Другая — Дзень бацькі — беларусы сёлета адзначаць упершыню 21 кастрычніка. Прамежак часу паміж гэтымі датамі назвалі Рэспубліканскім тыднем бацькоўскай любові.
Бацька адыгрывае важную ролю ў жыцці кожнага і, магчыма, гэты зацверджаны на дзяржаўным узроўні святочны дзень зможа дапамагчы ўмацаванню статусу і аўтарытэту бацькі сярод дзяцей і моладзі.
Не толькі аўтарытэтам, але, у першую чаргу, самым любімым чалавекам для сясцёр Карыны і Уладзіславы Лапацкіх з Лужкоў з’яўляецца іх тата Аляксандр. Ён для іх і тата, і маці, і самы надзейны сябар.
Так склаўся лёс, што тры гады назад Аляксандр аўдавеў. Жонка Алёна, якой было толькі 37 год, заўчасна пайшла з жыцця. На руках засталіся 15-гадовая старэйшая дачка Карына і меншая дачушка Уладзіслава, якая хадзіла ў другі клас.
— Жылі мы ў згодзе і любові адно да аднаго, — успамінае Аляксандр. — Я працаваў аграномам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, Алёна была настаўніцай Лужкаўскай СШ. Разам мы дзялілі і радасці, і нястачы, разам будавалі заўтрашні дзень для сваёй сям’і, для сваіх дзяцей.
Надзвычай цяжка і цяпер усведамляць, што так рана Алёна пайшла ў вечнасць. Амаль год яна вяла барацьбу за жыццё. Мы з надзеяй верылі і чакалі, але лёс, на жаль, склаўся іначай.
Я быў вымушаны звольніцца з работы і аформіцца па догляду за Карынай, бо яна мае пэўныя абмежаванні ў здароўі. Нездарма ў народзе кажуць, што гора і шчасце крочаць побач. Так атрымалася і ў нас. Вялікую падтрымку нашай сям’і аказваюць мае бацькі і бацькі маёй жонкі, якія пражываюць у вёсцы Уліна і аграгарадку Дворнава. Без іх, вядома, было б надзвычай цяжка. Улетку Карына і Уладзіслава шмат часу праводзяць у сваіх бабуль і дзядуль, дапамагаюць ім спраўляцца з хатнімі клопатамі, радуюць сваімі поспехамі.
Уладзіслава ходзіць у 5 клас, вельмі старанная ў вучобе. Наведвае яшчэ і мастацкае аддзяленне Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Карына займаецца бісерапляценнем, што развівае маторыку рук, захапляецца складваннем мазаікі, пазлаў, як і большасць сучасных дзяцей, валодае камп’ютарам. Калі трэба прыгатаваць страву, мае дачушкі абавязкова мне акажуць дапамогу і разам мы накрыем гасцінны стол, на які з радасцю запрашаем сваіх родных. Трымаем невялікую гаспадарку, маем уласны зямельны надзел, на якім вырошчваем, як і ўсе вяскоўцы, гародніну, зерневыя культуры. Напрыклад, сёлета добра ўрадзіла бульба, якой мы разам назапасілі ўдосталь.
Безўмоўна, роля маці ў сям’і вельмі значная, але не трэба забываць, што бацька часцей за ўсё з’яўляецца кармільцам, на яго плячах — клопат аб дабрабыце сям’і. Тата — гэта яшчэ і прыклад для дзяцей, настаўнік у жыццёвых пытаннях.
— Мы вельмі любім свайго татачку і заўсёды дапамагаем яму, любім праводзіць з ім час, — крыху сарамліва сказалі дзяўчынкі.
— А што б вы хацелі пажадаць свайму тату з нагоды свята? — спытаў я ў Карыны і Уладзіславы.
— Дарагі наш татачка, будзь заўсёды здаровы, няхай ніколі з тваіх вуснаў не сходзіць лагодная ўсмешка, а ў вачах зіхацяць агеньчыкі дабрыні, якой ты нас атуляеш! — прамовілі дзяўчынкі.
Паважаны Аляксандр, дарагія Карына і Уладзіслава, няхай вас мінаюць жыццёвыя нягоды, заўсёды свеціць ласкавае сонейка, саграваючы сэрцы і душы цёплымі праменьчыкамі!
Сяргей РАЙЧОНАК.