Раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукаванасці

Общество

Раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукаванасці, арганізатарамі якой з’яўляюцца Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, прайшоў 21 кастрычніка на базе Шаркаўшчынскай СШ № 1.
Удзел у раённым этапе прынялі 15 вучняў 9—11 класаў сярэдніх школ гарадскога пасёлка і раёна, якія перамаглі на першым (унутрышкольным) этапе.
— Алімпіядныя заданні ўключаюць у сябе пытанні ў выглядзе тэстаў з варыянтамі адказаў па тэмах: “асабістыя фінансы”, “наяўныя грошы”, “крэдыты і фінансаванне”, “лічбавы банкінг”, “дзейнасць цэнтральнага банка”, “страхаванне”, “падаткі”, — паведаміла метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама Алеся Грыдзюшка.
На працягу адной гадзіны вучні працавалі з атрыманымі заданнямі, шукалі правільныя адказы на складаныя пытанні, пасля чаго журы падвяло вынікі раённага этапа алімпіяды.
Дыпломам першай ступені ўзнагароджана вучаніца 11 класа Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 Дар’я Рагачэўская. Яна набрала 84 балы са 100 магчымых. Дыплом другой ступені атрымала адзінаццацікласніца гэтай жа навучальнай установы Аляксандра Зінкевіч. Яе вынік — 70 балаў. Замкнула тройку лідараў раённага этапа Ульяна Сташкевіч, якая вучыцца ў 11 класе Германавіцкай СШ. Ульяна змагла набраць 68 балаў. Усе ўзнагароджаныя таксама атрымалі памятныя сувеніры ад ЦБУ-224 ААТ “АСБ Беларусбанк”.
— Дадзеная алімпіяда праходзіць у краіне з 2014 года і з’яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай адукаванасці ў вучняў школ, — кажа загадчыца сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБУ-224 ААТ “АСБ Беларусбанк” Святлана Рудак.
Абласны этап плануецца правесці 18 лістапада, на яго адправяцца Дар’я Рагачэўская, Аляксандра Зінкевіч і Ульяна Сташкевіч. Пажадаем нашым дзяўчатам поспехаў у чарговым выпрабаванні!
Сяргей РАЙЧОНАК.