Апрацоўка пасеваў

Сельское хозяйство

“РАСА” у полі

Не паспелі сельскія сейбіты завяршыць сяўбу сельскагаспадарчых культур, як па першых усходах пайшло пустазелле і шкоднікі, патрабуюць паўторнай падкормкі і праполкі азімыя культуры.

На 23 мая ў гаспадарках раёна была праведзена хімпраполка азімых зерневых на плошчы звыш 6 тысяч гектараў. У тым ліку адначасова на 4 тысячах гектарах унеслі прэпарат “Карбеназім” супраць каранёвай гнілі. Апрацавана хімічнымі прэпаратамі звыш 2300 гектараў азімага рапсу супраць кветкаеда і крыжакветкавых шкоднікаў.

Паўторна падкормлена звыш 7 тысяч гектараў азімых зерневых культур, што складае 92 працэнты да плана і 1226 гектараў рапсу (67 працэнтаў).

Наступіў час для апрацоўкі гербіцыдамі яравых зерневых культур, яравога рапсу, лёну, кукурузы, бульбы. Дарэчы, хімічнымі прэпаратамі гаспадаркі забяспечаны на ўсе 100 працэнтаў. Набывалі іх за кошт уласных сродкаў і шляхам заключэння дамоўленасцяў з адтэрміноўкай плацяжоў.

Вядуцца работы на яравых пасевах ва ўсіх гаспадарках, аднак выдзеліць, хто лепш працуе, хто горш, не даводзіцца. Паколькі з-за неспрыяльных умоў надвор’я некаторыя адсеяліся раней і маюць магчымасць весці наступныя тэхналагічныя прыёмы, іншыя прыступяць да іх пазней. Бо, як вядома, барацьба з пустазеллем праводзіцца ў фазе пэўнага яго развіцця.

Апрацоўка пасеваў ажыццяўляецца прычапнымі і самаходнымі апырсквальнікамі. Хоць па тэхналогіі гэту работу трэба праводзіць прычапнымі, усё ж самаходныя “Раса” і “Дзвіна” маюць магчымасць падымаць сваю стралу да паўтара метра і весці апрацоўку рапса, не пашкоджваючы пасевы. Апрацоўка эфектыўна ў добрае, не дажджлівае надвор’е.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *