
У нядзелю прафесійнае свята тых, дзякуючы каму сетка аўтамабільных дарог знаходзіцца ў выдатным стане. Іх штодзённая карпатлівая праца дазваляе трымаць у належным парадку многія кіламетры аўтадарог. Каб даведацца пра тое, якіх вынікаў дасягнулі ў гэтым годзе мясцовыя дарожнікі, мы наведалі лінейна-дарожную дыстанцыю № 353 дарожнага эксплуатацыйнага ўпраўлення № 35.
— Штат работнікаў у нас зусім невялікі, усяго 11 чалавек, — кажа начальнік арганізацыі Анатолій Мілянцей. — Ён складаецца з двух дарожных рабочых, трох трактарыстаў, столькі ж працуе вадзіцеляў аўтамабіляў, адзін машыніст пагрузчыка і адзін машыніст аўтагрэйдэра. Усе мы разам займаемся рамонтам і абслугоўваннем дарог рэспубліканскага значэння Р-3 (Шаркаўшчына—Глыбокае), Р-18 (ад мяжы з Міёрскім раёнам — да мяжы з Браслаўскім раёнам у накірунку Казян). Агульная працягласць дарог складае 73 кіламетры, на якіх маюцца 6 мастоў, 953 дарожныя знакі, 3 пляцоўкі для адпачынку, 62 аўтобусныя прыпынкі.
Нашай задачай — падтрымліваць дарожную інфраструктуру ў належным стане. Акрамя таго, у вясенне-летні час займаемся абкосам прыдарожных палос, фарбаваннем аўтобусных павільёнаў, нанясеннем разметкі, ямачным рамонтам. Зімой працы ў нас больш. Трэба своечасова ачысціць дарожнае палатно ад снежных сумётаў, рассыпаць пясчана-саляную сумесь супраць галалёдзіцы.
Сёлета на баланс нашай арганізацыі перададзена былая аб’язная дарога, якая пачынаецца з вуліцы Ціміразева гарадскога пасёлка і заканчваецца за чыгуначным пераездам на стыку з аўтадарогай Р-18. Цяпер участак дадзенай дарогі ўключаны ў склад аўтатрасы рэспубліканскага значэння Р-3. На большай яе частцы мы паклалі новае асфальтабетоннае пакрыццё, нанеслі разметку, усталявалі новыя дарожныя знакі. У наступным годзе завершым на ёй укладку асфальтабетоннага пакрыцця. Таксама плануем пакласці новую пешаходную дарожку ўздоўж цэнтральнай вуліцы ў аграгарадку Радзюкі.
Як вядома, паспяховасць дзейнасці любой арганізацыі залежыць ад зладжанасці яе калектыву. У гэтым плане ў ЛДД-353 усё добра: усе работнікі працавітыя, адказныя, кожны з іх выконвае шматлікія віды работ, ці гэта вадзіцель аўтамабіля, ці трактарыст.
— Сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята жадаю здароўя, поспехаў у іх нялёгкай працы, дабрабыту, мірнага неба над галавой, — бадзёра сказаў Анатолій Анатольевіч
Сяргей РАЙЧОНАК.