Для адзінаццацікласнікаў школ гарадскога пасёлка і раёна была арганізавана паездка ў горад Паставы, падчас якой юнакі пабывалі ў Першай асобнай авіяцыйнай эскадрыллі пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Педагог сацыяльны Шаркаўшчынскай СШ № 2 Наталля Чаславаўна Фёдарава расказала, што для наведвальнікаў правялі экскурсію, пазнаёмілі з армейскім бытам і ўмовамі пражывання ў казарме. Цікава было прымерыць парашуты на сябе і атрымаць уяўленне пра іх канструкцыю. Таксама юнакі спрабавалі разбіраць і збіраць аўтаматы. Пабывалі на ўзлётнай паласе і паглядзелі на паветраную тэхніку, сярод якой быў новенькі верталёт. Усё гэта суправаджалася падрабязнымі і цікавымі расказамі ваенных спецыялістаў. Арганізатары і ўдзельнікі экскурсіі падзякавалі камандзіру эскадрыллі Алегу Васільевічу Яроме за такі цудоўны прыём. Экскурсія, арганізаваная раённым аддзелам адукацыі і праведзеная з удзелам раённага ваеннага камісара Андрэя Вітольдавіча Дубовіка, павінна даць уяўленне будучым абаронцам Айчыны пра службу ў арміі і зацікавіць іх.

Андрэй БУРЭЦ.