Як вядома, восенню наступнага года наш раён будзе ўрачыста сустракаць удзельнікаў і гасцей абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі—2023”. Кіраўніцтва раёна і кожны яго жыхар ужо цяпер прыкладаюць шматлікія намаганні, каб пасёлак над Дзісной меў прывабны абноўлены выгляд.
Запланавана правесці шматлікія мерапрыемствы па добраўпарадкаванні Шаркаўшчыны, якія закрануць рамонт і рэстаўрацыю аб’ектаў вытворчай і сацыяльнай сфер, рамонт вуліц, тратуараў, жылога фонду і шмат іншага.
Сёння ідуць рамонтныя работы на адміністрацыйным будынку вузла электрычнай сувязі ЗВЭС РУП “Белтэлекам”, ва ўстановах адукацыі гарадскога пасёлка. Спецыялізаваныя арганізацыі рыхтуюць праектна-каштарысную дакументацыю, згодна з якой шматлікія будынкі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў набудуць новае аблічча.
З усёй паўнатой адказнасці да падрыхтоўкі сваіх аб’ектаў да маштабнага абласнога форума падышлі кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і спецыялісты дадзенай сферы. Пра тое, што запланавана зрабіць і што ўжо зроблена на сённяшні дзень, нам расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч.
— Да свята абласных “Дажынак” запланавана адрамантаваць раённы Цэнтр культуры, — тлумачыць Іна Мар’янаўна. — Ужо сёння работнікамі таварыства з абмежаванай адказнасцю “РекордСтрой” з Полацка праводзіцца бягучы рамонт у дадзенай установе з заменай аконных праёмаў, вядуцца тынкавальныя работы. У маі пачалося праектаванне па капітальным рамонце з мадэрнізацыяй і добраўпарадкаваннем прылеглай да раённага Цэнтра культуры тэрыторыі. Праектам будзе прадугледжана замена ўсіх інжынерных сетак (водаправод, каналізацыя), замена даху, уцяпленне фасаду або ўстройства вентыліруемых пліт на ім. У абавязковым парадку трэба ўстанавіць сістэмы дымавыдалення, пажаратушэння і вентыляцыі. Сярод асноўных задач — закупка і мантаж сучаснага абсталявання сцэны. Будзе зроблены рамонт калідора на другім паверсе, кабінетаў, замена ў іх дзвярэй.
Немалы аб’ём рамонтных работ ужо зроблены ў будынку дзіцячай бібліятэкі. Тут падрадчыкам выступае таварыства з абмежаванай адказнасцю “ДемаксСтрой” з Віцебска. На аб’екце праводзіцца бягучы рамонт. Ужо заменены шыферны дах, вокны, уваходныя дзвярныя групы. Цяпер жа работнікі падраднай арганізацыі вядуць унутраныя аддзелачныя работы, а таксама займаюцца ўсталяваннем адмосткі, ганкаў, бетоннай сцежкі і пандуса. Паралельна вядзецца ўнутраная аддзелка, замена падлогі, электраправодкі.
Вядуцца рамонтныя работы і ў раённым цэнтры рамёстваў, дзе таксама задзейнічаны спецыялісты ТАА “ДемаксСтрой”. Тут заменены вокны, уваходныя дзверы, электраправодка, праведзена ўкладка керамічнай пліткі на падлогу. Установу культуры плануецца падключыць да цэнтральнага ацяплення.
Дарэчы, тэхнічны нагляд за работамі на аб’ектах ажыццяўляюць спецыялісты упраўлення капітальнага будаўніцтва Глыбоцкага раёна.
Па дзіцячай школе мастацтваў асноўныя рамонтныя работы былі праведзены ў папярэднія гады і сур’ёзнага ўкладання фінансавых сродкаў не плануецца. Патрабуецца толькі касметычны рамонт.
Як вядома, абласны свята-кірмаш “Дажынкі” — гэта мерапрыемства, якое пройдзе не толькі ў межах гарадскога пасёлка. Таму мы спадзяёмся, што будзе выдаткавана вызначаная сума фінансавых сродкаў на складанне праектна-каштарыснай дакументацыі на Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча. Несумненна, помнік архітэктуры патрабуе тэрміновага рамонту, правядзенне якога ў хуткім будучым дазволіць прыцягнуць большую колькасць турыстаў як з Беларусі, так і з замежжа.
Пасля размовы з Інай Мар’янаўнай мы ўласна ўпэўніліся, што праца на аб’ектах устаноў культуры не стаіць на месцы. Спецыялісты падрадных арганізацый плённа працуюць, работу сваю выконваюць якасна і ў тэрмін. Гэта значыць, што ў будучым годзе тут будзе ўтульна, камфортна працаваць культработнікам, а колькасць наведвальнікаў значна павялічыцца.
Сяргей РАЙЧОНАК.