Лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна ўзнагародзілі на святочным мерапрыемстве «Будзе хлеб — будзе і песня»

Главное Сельское хозяйство

У раённым Цэнтры культуры 17 лістапада прайшла святочная ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. На мерапрыемстве, прысвечаным прафесійнаму святу, падвялі асноўныя вынікі работы галіны, ушанавалі перадавікоў, кіраўнікоў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі, работнікаў перапрацоўчай прамысловасці і ўсіх тых, хто ад світання да змяркання працуе на зямлі, вырошчвае хлеб, пастаўляе на нашы сталы малако і мяса.
У святочны дзень у глядзельную залу РЦК былі запрошаны кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыем Ламака, прадстаўнікі сельгасарганізацый.
— Дарагія сябры, прыміце шчырыя віншаванні з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу! — звярнуўся да прысутных Дзмітрый Міхайлавіч. — Па даўняй традыцыі мы сабраліся, каб адзначыць сваё прафесійнае свята. Восень для нас з’яўляецца вянцом усіх работ, лепшым часам для падвядзення вынікаў нялёгкай, але вельмі высакароднай працы. Аграрны сектар, гэта не проста адзін са структурных элементаў эканомікі Рэспублікі Беларусь, гэта аснова жыцця і дабрабыту нашых грамадзян.
Кожны з прысутных у зале добра ведае, што наша шаркаўшчынская зямля заўсёды патрабуе да сябе павышанай увагі і, каб быў станоўчы вынік, трэба прыкласці максімум намаганняў. Сёлета аграрыі раёна сабралі дастойны ўраджай зерневых: намалочана больш за 41 тысячу тон, што на 17 тысяч тон перавышае мінулагодні паказчык.
На жніве былі задзейнічаны 54 адзінкі камбайнаў замежнай і айчыннай вытворчасці. 13 камбайнераў змаглі намалаціць звыш тысячы тон зерня ў бункернай вазе. Найбольшыя намалоты атрымалі камбайнеры Юрый Ардынскі (ААТ “Даватарскі”) — 2318 тон, Яўгеній Пятрашка (ААТ “Жвіранка”) — 2006 тон, Віктар Хаданёнак (ААТ “Княж”) — 1407 тон і іншыя.
Сельгасарганізацыямі ў поўным аб’ёме выкананы дзяржзаказ па рэалізацыі зерня і рапсу. У пачатку кастрычніка мы ўшаноўвалі перадавых аграрыяў на раённых “Дажынках” у аграгарадку Германавічы.
Ужо сёння пад будучы ўраджай закладзена нядрэнная база, завершана сяўба азімых зерневых і рапсу, вядзецца ўздым зябліва.
Усе мы ведаем, што поспехі і няўдачы ў галіне раслінаводства аказваюць непасрэдны ўплыў на стан спраў у жывёлагадоўлі. У гаспадарках раёна налічваецца 25331 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку — 9359 кароў, 11160 галоў свіней. Гаспадаркамі раёна надоена 22349 тон малака. Павысілі валавы надой ААТ “Княж” і КУВСП “Гарадзец”. Максімальныя надоі малака даюць ААТ “Агратэхсэрвіс”, “Буеўшчына” і “Даватарскі”.
За 10 месяцаў сёлетняга года сярэднясутачныя прывагі жывёлы склалі 425 грамаў. Найбольшыя паказчыкі ў ААТ “Княж”, “Ельня-Агра” і “Агратэхсэрвіс”.
З дзяржаўнай падтрымкай да канца 2022 года плануецца закупіць 26 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі: трактары, камбайны, прычапныя агрэгаты.
У 2023 годзе наш раён будзе сустракаць гасцей і ўдзельнікаў абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2023”, падрыхтоўка і правядзенне якіх стануць паказчыкамі нашай сумеснай каманднай работы.
Паважаныя работнікі сельскай гаспадаркі, ветэраны галіны, прыміце словы ўдзячнасці за вашу нялёгкую працу, клопат пра людзей, адданасць роднай зямлі, неацэнны ўклад у развіццё эканомікі раёна! Моцнага здароўя, аптымізму, міру і дабра вам і вашым сем’ям на нашай роднай беларускай зямлі!
Ва ўрачыстай атмасферы Дзмітрый Міхайлавіч узнагародзіў Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама трактарыста-машыніста ААТ “Даватарскі” Юрыя Ардынскага. Ганаровая грамата Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК уручана аператару машыннага даення ААТ “Княж” Ірыне Андзілеўка.
Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама перадавікам сельгасвытворчасці. На сцэну па чарзе выходзілі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і спецыялісты, механізатары і вадзіцелі, жывёлаводы і прадстаўнікі іншых прафесій, усе тыя, хто сваімі працавітымі рукамі ўносіць важкі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі нашага раёна.
На свяце прысутнічалі і тыя людзі, хто ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Дзмітрый Міхайлавіч уручыў ветэранам працы Падзякі старшыні райвыканкама за значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё Шаркаўшчынскага раёна, актыўную жыццёвую пазіцыю.
Віншаванні са святам прысутным адрасаваў і першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Струй. Ён узнагародзіў Ганаровымі граматамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовымі прэміямі перадавікоў сельгаспрадпрыемстваў.
Сёлета, як і ў мінулыя гады, упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў АПК правялі конкурс на лепшую кампазіцыю з рулонаў саломы і травяністых кармоў. Дыпломы і грашовыя прэміі атрымалі ўсе сельгаспрадпрыемствы, якія прымалі ўдзел у конкурсе. Гэта ААТ “Даватарскі”, “Агратэхсэрвіс”, “Буеўшчына”, “Жвіранка” і “Ельня-Агра”.
На свята да шаркаўчан завітала начальнік сектара па закупках сыравіны ААТ “Глыбоцкі МКК” Вольга Парфяновіч. Яна павіншавала аграрыяў з прафесійным святам, пажадала працоўных поспехаў, трывалага здароўя і дабрабыту. Вольга Аляксандраўна ўручыла грашовыя прэміі перадавікам сельскагаспадарчай вытворчасці.
Для ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі і гасцей свята была падрыхтавана насычаная канцэртная праграма, дзе свае музыку і песні дарылі прысутным лепшыя самадзейныя калектывы і выканаўцы ўстаноў культуры ў знак удзячнасці вяскоўцам за іх высакародную справу.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота Алены АНАНІЧ і Сяргея РАЙЧОНКА