18 лістапада споўняецца 120 год з дня нараджэння нашага земляка, беларускага пісьменніка, паэта, драматурга, перакладчыка і журналіста Міхася Машары.
Нарадзіўся Міхаіл Антонавіч на хутары Падсосна, дзяцінства правёў у вёсцы Таболы. Навучанне грамаце юнак пачаў у Шкунцікаўскай народнай школе, якую скончыў напярэдадні Першай сусветнай вайны. Там употай ад настаўнікаў упершыню прачытаў беларускамоўныя выданні з вершамі Якуба Коласа, Янкі Купалы і Францішка Багушэвіча.
З дапамогай школьнага настаўніка Міхась уладкаваўся на пасаду пісарчука канцылярыі Ігуменскай воласці. За год працы ён сабраў грошай на падручнікі і навучанне ў вышэйшай пачатковай школе ў Глыбокім, якую скончыў у 1918 годзе.
Працаваў ён справаводам зямельнага аддзела Германавіцкага валаснога выканкама. Падчас польскай акупацыі трапіў пад арышт, але яго адпусцілі як непаўналетняга.
У 1920 годзе Міхась Машара добраахвотна далучыўся да Чырвонай Арміі ў якасці сувязіста 18-й Паўночнай стралковай дывізіі, удзельнічаў у баях у Польшчы. У лістападзе трапіў у склад польскага войска, скончыў фельчарскую школу і служыў у санітарным батальёне ў Гродне.
Успаміны пра малую радзіму, пра родны дом не давалі спакою. У 1925 годзе Міхась Машара вяртаецца ў Таболы, дзе стварае гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Пасля ліквідацыі арганізацыі рэдагаваў віленскую газету “Наша воля”, а пасля яе канфіскацыі ўладамі трапіў пад арышт у турму “Лукішкі” на чатыры гады.
У зняволенні Міхаіл Антонавіч пачаў пісаць першыя вершы, якія здолеў перадаць на волю. Яго першы зборнік “Малюнкі” выдала ў 1928 годзе Зоська Верас на ўласныя грошы.
Па вяртанні дадому Міхась Машара ажаніўся і да 1939 года працаваў лесарубам, плытагонам, каб пракарміць сям’ю. Працягвае пісаць вершы, апавяданні, п’есы, выдае зборнікі сваіх твораў.
З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі яго запрасілі на пасаду кіраўніка аддзела народнай асветы Шаркаўшчынскага валаснога выканкама. Міхася Машару абралі дэпутатам Народнага Сходу, які праходзіў у Беластоку. Тут наш зямляк пазнаёміўся з Янкам Купалам і Якубам Коласам, а ў 1940 годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У час Вялікай Айчыннай вайны Машара працаваў у розных літаратурных выдавецтвах Мінска і Масквы. Пасля вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Міхаіл Антонавіч пераязджае на сталае месца жыхарства ў Мінск, працуе ў часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”, працягвае пісаць творы.
У 1960-я—1970-я гады Міхась Машара стварыў трылогію, прысвечаную вызваленчаму руху Заходняй Беларусі, куды ўвайшлі раманы “Крэсы змагаюцца”, “Сонца за кратамі”, “Лукішкі”. Шэраг яго вершаў беларускія кампазітары Мікалай Аладаў і Юрый Семяняка паклалі на музыку. Пісаў ён і дзіцячыя творы — вершы, казкі.
Міхась Машара цесна сябраваў з Янкам Пачопкам, Язэпам Драздовічам. Шмат разоў ён гасцяваў у знакамітага садавода-селекцыянера Івана Сікоры ў Алашках, дзе праходзілі незабыўныя сустрэчы ў яблыневым садзе, на беразе мясцовага возера. Міхаіл Антонавіч казаў, што першым крытыкам і рэцэнзентам яго некаторых твораў быў менавіта Іван Паўлавіч.
7 чэрвеня 1976 года перастала біцца сэрца Міхаіла Антонавіча Машары. Пахаваны наш зямляк на Паўночных могілках у Мінску.
Сяргей РАЙЧОНАК.
