У Александроўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў пачалося будаўніцтва новага жылога корпуса

Добраўпарадкаванне Общество

намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шынкевіч і дырэктар Александроўскага дома-інтэрната Мар’ян Паўловіч абмяркоўваюць праект будоўлі

15 жніўня ў райвыканкаме прайшло першае пасяджэнне абласнога штаба па падрыхтоўцы да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2023” пад кіраўніцтвам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева.
Па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, Шаркаўшчынскі раён заслугоўвае таго, каб яго жыхары мелі камфортныя ўмовы пражывання. Сярод асноўных аб’ектаў, якія трэба пабудаваць, — жылы корпус Александроўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.
У адпаведныя тэрміны дзяржаўнае прадпрыемства “Інстытут Віцебсксельбудпраект” склала праектна-каштарысную дакументацыю, а тэндар на ўзвядзенне жылога корпуса выйграла будаўнічае прадпрыемства “Расвет Пастаўскі”. Дадзеная арганізацыя ўжо мае адпаведны вопыт будаўніцтва аналагічных устаноў, таму і перавага была аддадзена менавіта пастаўскім будаўнікам.
І вось 26 кастрычніка справа зрушылася з месца. Будаўнікі на адведзенай пляцоўцы выкапалі катлаван, прывезлі патрэбныя матэрыялы і распачалі работы на нулявым узроўні.
— Вядома, свае карэктывы, на жаль, уносіць надвор’е, але работа на аб’екце не спыняецца, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шынкевіч. — На субпадрадзе ў пастаўскіх будаўнікоў і работнікі Шаркаўшчынскай ПМК-68, якія працуюць у адной камандзе, каля дваццаці чалавек штодзённа. Заказчыкам узвядзення жылога корпуса з’яўляецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Пастаўскага раёна. Гэта ж арганізацыя выконвае функцыі дзяржаўнага нагляду.
У кабінеце дырэктара дома-інтэрната Мар’яна Паўловіча мы пазнаёміліся з падрабязным каляровым планам, на якім адлюстраваны жылы корпус. Ён будзе мець тры паверхі, разлічаны на 105 чалавек, якія будуць жыць ва ўтульных пакоях. Тут жа будуць знаходзіцца кабінеты для адміністрацыі ўстановы, канферэнц-зала, сталовая і іншыя памяшканні. Запланавана таксама ўзвядзенне станцыі абезжалезвання.

Пачатак работ на нулявым узроўні будучага корпуса

І надалей мы будзем знаёміць нашых чытачоў з ходам работ па будаўніцтве новых, рэканструкцыі і рамонце існуючых аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сфер у гарадскім пасёлку ў рубрыцы “Насустрач абласным “Дажынкам”.
Сяргей РАЙЧОНАК.