Віншаванні з юбілеем прымала Валянціна Аляксееўна Лось

Общество

Чатыры дзесяцігоддзі працы ў фінансавым аддзеле Шаркаўшчынскага райвыканкама засталося за плячыма Валянціны Аляксееўны Лось. Васемнаццацігадовай дзяўчынай пасля заканчэння Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума прыехала яна ў наш раён, які стаў для яе другой радзімай.
Нарадзілася Валянціна Аляксееўна ў Светлагорску, але больш за сорак год жыве ў Шаркаўшчыне.
— З 1975-га я працавала на розных пасадах у раённым фінансавым аддзеле, а ў 1990 годзе мяне прызначылі яго загадчыкам, — успамінае яна. — Складана было працаваць ва ўсе часы, але асабліва ў 1970-80-я гады. У той перыяд не было шматфункцыянальных тэхнічных сродкаў, якімі спецыялісты карыстаюцца цяпер. Справаздачы мы складалі на паперы ўручную, чарцілі вялізныя табліцы. На працу выходзілі ў выхадныя і ў святочныя дні, каб своечасова і якасна выканаць работу.
Калектыў спецыялістаў райфінаддзела заўсёды вылучаўся высокай адказнасцю пры выкананні даручанай справы. З самага пачатку работы ў Шаркаўшчыне я працавала разам з эканамістам Марыяй Паісьеўнай Кажурой, дваццаць пяць год з Ірынай Іванаўнай Савіцкай, якая цяпер узначальвае фінансавы аддзел райвыканкама.
З вышыні пражытых гадоў я ні разу не пашкадавала, што ў юнацтве абрала для сябе такую складаную, але вельмі патрэбную для грамадства прафесію. За чатыры дзесяцігоддзі працы штодзень сустракалася з людзьмі, якім патрэбна было дапамагчы вырашыць фінансавыя пытанні рознага маштабу. І як бы складана ні было знайсці шляхі выйсця з некаторых праблемных сітуацый, заўсёды ўдавалася гэта зрабіць. Для сябе я лічу, што з кожным можна знайсці агульную мову, трэба толькі сябе паставіць на яго месца і ўсвядоміць, што чалавека клапоціць і турбуе.
У пачатку снежня Валянціна Аляксееўна Лось адзначыла свой чарговы юбілейны дзень нараджэння. Пра гэта памятаюць яе родныя, сябры, былыя калегі. У раённым выканаўчым камітэце таксама не абышлі ўвагай знакавую для жанчыны дату. 5 снежня намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэй Шынкевіч, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Савіцкая і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак завіталі на дом да Валянціны Аляксееўны, каб павіншаваць імянінніцу з юбілеем. Шмат цёплых слоў выказалі госці ў адрас юбіляра, галоўнымі сярод іх былі, канечне ж, пажаданні моцнага здароўя, сямейнага шчасця, дабрабыту і доўгіх год жыцця.
Вось ужо сем год Валянціна Аляксееўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, цалкам прысвяціўшы сябе сям’і — мужу, сынам, двум унукам.
— Мае родныя людзі — мая апора ў жыцці, — кажа юбіляр. — Разам мы і ў шчасці, разам мы і ў хвіліны смутку. Радуе, што мы — адно цэлае. Лічу, што толькі так і павінна быць.
Сяргей РАЙЧОНАК.