9 снежня адзначаўся Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынстваў генацыду. У мэтах зберажэння гістарычнай праўды і прывіцця падрастаючаму пакаленню гонару за свой народ паўсюдна ў краіне прайшлі памятныя патрыятычныя мерапрыемствы.
Кіраўніцтва Шаркаўшчынскага раёна, прадстаўнікі сілавых органаў, грамадскіх арганізацый, настаўнікі і вучні СШ № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына прынялі ўдзел у мітынгу памяці ахвяр генацыду на брацкай магіле ў гарадскім пасёлку, дзе ў чэрвені 1942 года гітлераўскімі захопнікамі былі растраляны жыхары Шаркаўшчыны яўрэйскай нацыянальнасці.
У часы Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі — амаль тры мільёны чалавек. Асобнай трагічнай старонкай той жудаснай вайны стала татальнае знішчэнне беларускіх яўрэяў. Па ацэнках экспертаў і гісторыкаў, на тэрыторыі нашай краіны загінулі каля 800 тысяч яўрэяў. Беларусь у гады вайны перажыла два генацыды: халакост беларускіх яўрэяў і генацыд беларусаў. Мітынг праводзіўся ў межах патрыятычнага флэш-моба “Супраць злачыннага бяспамятцтва”, ініцыятарам якога выступіў ваенна-патрыятычны клуб “Рысь”.
Шаркаўчане ўсклалі жывыя кветкі да помніка нявінна забітым ахвярам фашызму, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць загінуўшых. Каля памятнага месца была ўсталявана інфармацыйная шыльда з QR-кодам.
Сяргей РАЙЧОНАК.