Віктар і Валянціна Пачопкі працуюць жывёлаводамі на малочнатаварнай ферме “Пашкі” ААТ “Агратэхсэрвіс”. Сямейная пара станоўча характарызуецца з боку адміністрацыі сельгаспрадпрыемства, як сумленныя і старанныя работнікі.
— На нашай ферме ўтрымліваецца 1762 галавы буйной рагатай жывёлы, якіх абслугоўваюць 32 работнікі, — кажа загадчыца МТФ Іна Магалінская. — Віктар Іосіфавіч разам з жонкай Валянцінай Алегаўнай працуюць тут з моманту ўводу ў эксплуатацыю жывёлагадоўчага аб’екта.
— Справа для нас гэта звыклая, — з усмешкай прамовіў Віктар. — У дадзенай сферы мы працуем ужо 30 год, адно аднаму дапамагаем, стараемся працаваць на станоўчы вынік. Жывём у сямі кіламетрах ад МТФ, у вёсцы Балбекі. Дзякуючы кіраўніцтву гаспадаркі, двойчы ў дзень да месца працы і назад мы дабіраемся на аўтатранспарце. Працоўны дзень пачынаецца ў 6 гадзін 30 хвілін. У памяшканні, дзе мы працуем разам з жонкай, налічваецца 320 галоў маладняку БРЖ. Спачатку трэба пачысціць месцы ўтрымання жывёлы, потым яе накарміць, напаіць, сачыць, каб навокал былі адпаведныя парадак і чысціня.
Па выніках працы за лістапад жывёлаводы Віктар і Валянціна Пачопкі атрымалі самыя высокія ў раёне сярэднясутачныя прывагі ў гурце замацаваных за імі цялят — 832 грамы.
— І гэта яшчэ не мяжа, — пацвердзіла Валянціна Алегаўна. — У рацыёне кармлення — сянаж, сілас, сена, заўсёды ў наяўнасці канцэнтраты. Таму ёсць усе падставы для таго, каб прывагі жывёлы павялічваліся.
З гэтым цалкам згодзен і Віктар Іосіфавіч. Перадавому жывёлаводу ёсць чым пахваліцца. Па выніках працы за мінулы год ён стаў лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Вось на такіх работнікаў і раўняюцца іншыя жывёлаводы як на МТФ “Пашкі”, так і на іншых фермах гаспадаркі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
