
Хто з дзяцей не марыць пад Новы год, каб ажыццявіліся запаветныя жаданні? Хлопчыкі і дзяўчынкі пішуць пісьмы Дзеду Марозу, у якіх просяць прынесці падарункі пад навагоднюю ёлку. Вучні сваімі добрымі паводзінамі імкнуцца паказаць настаўнікам і бацькам непераадольнае жаданне атрымаць даўно чаканы сюрпрыз. Тое, што любая мара можа ажыццявіцца, ведаюць і дзеці, і дарослыя.
28 і 29 снежня ў Мінску пройдзе галоўная навагодняя ёлка краіны, якая збярэ больш чым дзве тысячы дзяцей з усёй рэспублікі. На ўрачыстасць запрасілі самых актыўных, творчых школьнікаў, выдатнікаў вучобы, пераможцаў прадметных алімпіяд, конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. Дзяцей чакае чароўная зімовая казка ў Палацы Рэспублікі, сустрэча з Прэзідэнтам краіны, навагодняе шоу ў дзяржаўным цырку, святочнае ўбранства вуліц і праспектаў сталіцы і, безумоўна, падарункі.
Наш раён на галоўнай ёлцы краіны прадставяць вучаніца 6 класа СШ № 2 г. п. Шаркаўшчына імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына Ангеліна Заяц, вучань 7 класа СШ № 1 Антон Лапацкі і вучань 9 класа Іёдскай сярэдняй школы Максім Міндрык. Яны абавязкова падзеляцца сваімі ўражаннямі з чытачамі раённай газеты.
27 снежня 14 хлопчыкаў і дзяўчынак адправіліся на галоўную навагоднюю ёлку Віцебскай вобласці. Абласное і рэспубліканскае святы з’яўляюцца галоўнымі падзеямі штогадовай дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці”.
Сяргей РАЙЧОНАК.