Жыццёвы шлях Чаславы Сцяпанаўны Яцына

Общество

Ніхто не застрахаваны ад зменлівасці лёсу. Напрыклад, учора ты быў здаровы, багаты, строіў планы на заўтрашні дзень, а сёння ўсё павярнулася ў адваротны бок. У кожнага з нас радасці і ўдачы чаргуюцца з непрыемнасцямі і памылкамі.

Складаны жыццёвы шлях застаўся за плячамі шаркаўчанкі Чаславы Сцяпанаўны Яцына. Нарадзілася жанчына ў далёкім 1937 годзе ў мястэчку Мосар, што ў суседняй Глыбоччыне. Гаротнае вясковае дзяцінства было абпалена полымем Вялікай Айчыннай вайны. У вачах Чаславы Сцяпанаўны і цяпер стаяць карціны таго жудаснага і трагічнага ваеннага ліхалецця, калі гітлераўскія захопнікі гаспадарылі на нашай беларускай зямлі.

— Я добра памятаю выпадак, калі да мяне падышоў нямецкі салдат, звалі яго Ганс, — расказвае жанчына. — Маці мая тады вельмі спужалася, думала, што смерці ўжо не пазбегнуць, але ўсё абышлося. Немец ўзяў мяне на рукі, дастаў з кішэні фотаздымак. На незразумелай для нас мове ён паказваў пальцам на маленькую дзяўчынку на фота. Потым стала зразумела, што гэта яго дачка, якая жыве ў Германіі. Ганс нібы параўнаў мяне са сваёй Монікай (так звалі дзяўчынку), заплакаў і даў мне невялічкую цукерку.

Пасля вайны вучыцца не давялося, бо трэба было зарабляць на кавалак хлеба. Мясцовыя жанчыны навучылі мяне шыць вопратку. Менавіта пашывам разнастайнага адзення я і зарабляла на жыццё. З цягам часу перайшла працаваць швачкай у мясцовае атэлье.

Потым выйшла замуж, у 1966 годзе нарадзіла сына Сярожу, але сямейнае жыццё не склалася — муж пакінуў мяне з дзіцём. Аднойчы сяброўка пазнаёміла мяне з шаркаўчанінам Генадзіем. Мужчына ўжо быў раней жанаты, але дзяцей з першай жонкай у яго не было. Вось з Генадзіем мы і пажаніліся ў 1977 годзе, я пераехала ў Шаркаўшчыну.

Спецыяльнай адукацыі ў мяне не было, таму і працаўладкавацца на работу з добрым заробкам не магла. Давялося ў свой час быць і начным вартаўніком, і загадчыцай склада ў сістэме грамадскага харчавання раёна. У 1979 годзе ў нас нарадзілася дачка Алена. Пасля дэкрэтнага водпуску я ўладкавалася ў ветэрынарную лячэбніцу, працавала санітарам. Асноўным маім абавязкам было сачыць за парадкам і чысцінёй ва ўстанове. Ад кіраўніцтва ветлячэбніцы за 25 год працы я ніколі не мела заўваг, бо заўсёды старанна і сумленна адносілася да работы. Нават калі прыйшоў час адправіцца на заслужаны адпачынак, я засталася ў калектыве і працавала яшчэ 10 год.

Прайшло 11 год з таго часу, як не стала мужа Генадзія. Сын жыве далёка ад родных мясцін — ажно ў Закарпацці, што на захадзе Украіны. Наведаць мяне, на вялікі жаль, ён не можа. Тры гады назад у маёй сям’і адбылася трагедыя, якая незагойнай ранай да скону дзён застанецца ў сэрцы. У саракагадовым узросце, у самым росквіце заўчасна пайшла з жыцця дачушка Алена, пакінуўшы пасля сябе двух дзетак, маіх унучку і маленькага ўнука. Вось такі нялітасцівы лёс напаткаў маладую, прыгожую жанчыну. Але, як бы ні было цяжка, трэба жыць, трэба клапаціцца пра ўнукаў, пра іх выхаванне, вучобу.

Напрыканцы снежня Часлава Сцяпанаўна сустрэла свой юбілейны дзень нараджэння — ёй споўнілася 85 год. Пра такую знакавую дату не забыліся работнікі райветстанцыі. Яны прыйшлі да імянінніцы з шыкоўнымі кветкамі, памятнымі падарункамі, каб павіншаваць сваю былую калегу, пагутарыць аб надзённых справах, пацікавіцца станам здароўя пажылой жанчыны. Безумоўна, Часлава Сцяпанаўна была вельмі ўражана, крыху хвалявалася, бо не кожны дзень у жыцці здараюцца юбілеі, тым больш, такія знакавыя.

Сяргей РАЙЧОНАК.